Ці пазбегне Сірыя інтэрвенцыі?


Інтэнсіўны пошук хаўруснікаў. Гэтак падчас 4-дзённага візіту ў Еўропе дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Джон Керы намагаўся пераканаць еўрапейскую супольнасць, што міру ў Сірыі магчыма дабіцца выключна сілаю.
{movie}Інтэрвенцыі не пазбегнуць? |right|12408{/movie}

ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖАЎНЫ САКРАТАР ЗША
: “Мы не кажам пра вайну! Мы не збіраемся ваяваць! Мы кажам пра абмежаваную, мэтанакіраваную і кароткачасовую інтэрвенцыю без наземных войскаў, якая перашкодзіць Башару аль-Асаду дастаўляць і прымяняць хімічную зброю”.

І хоць, паводле Керы, усё больш краінаў гатовыя далучыцца да збройнай інтэрвенцыі, самае складанае яшчэ наперадзе. Адміністрацыі прэзідэнта Барака Оўбамы ў слушнасці сілавога развязання сірыйскай праблемы неабходна пераканаць Кангрэс. Пакуль адназначнай згоды ягоных сябраў няма. Першы пасля летніх вакацыяў дзень працы Сенату і Палаты Прадстаўнікоў прынёс надзвычай гарачыя дыскусіі. Нават у верхняй палаце, дзе большасць складае прэзідэнцкая партыя, – перавага прыхільнікаў інтэрвенцыі застаецца невялікаю. Адмыслоўцы не выключаюць, што нават калі рэзалюцыя і пройдзе праз Сенат, то заблакуюць яе ў Палаце Прадстаўнікоў. Ці Амерыка не ўцягнецца ў чарговую доўгатэрміноваю вайну – адное з галоўных пытанняў не толькі палітыкаў.

БРУС РЫДЭЛ, ПАЛІТОЛАГ: “План Оўбамы наконт прымянення супраць сірыйскага рэжыму крылатых ракетаў, безумоўна, можна рэалізаваць! Толькі застаецца пытанне: што будзе наступнага дня? А што, калі Асад не спыніць прымянення хімічнай зброі? Давядзецца пачаць больш маштабную ракетную інтэрвенцыю?”.

Ці адкрытага канфлікту можна яшчэ пазбегнуць? Белы Дом ужо сёння не выключае гэткай магчымасці. Аднак ставіць Асаду ясныя ўмовы.

ДЖОН КЕРЫ, ДЗЯРЖАЎНЫ САКРАТАР ЗША: “Калі ён аддасць усю хімічную зброю міжнароднай супольнасці ўжо на наступным тыдні. Пры гэтым без затрыманняў, ствараючы ўсе неабходныя ўмовы для міжнароднага кантролю і поўнага ўліку”.

Але Асад пакуль не збіраецца выконваць гэткіх патрабаванняў. Ён адкрыта заявіў, што ў выпадку збройнага ўмяшальніцтва Сірыя гатовая даць адэкватны адказ як ЗША, гэтак і іх хаўруснікам. У той жа час Асад падзякаваў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну за пазіцыю ў сірыйскім канфлікце на апошнім саміце “вялікай дваццаткі”. Падчас сённяшняй сустрэчы ў Маскве міністраў замежных справаў Сірыі ды Расеі Ўаліда аль-Муаллема і Сяргея Лаўрова расейскі бок пацвердзіў яе нязменнасць.

СЯРГЕЙ ЛАЎРОЎ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ РАСЕІ: “Сілавы сцэнар абернецца разгулам тэрарызму як у Сірыі, гэтак і суседніх краінах, абернецца рэзкім павелічэннем плыні ўцекачоў”.

Зрэшты, крытыка на адрас прыхільнікаў прымянення сілы супраць рэжыму Асада гучала сёння і ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.

НАВІ ПІЛЛЯЙ, КАМІСАР У ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА
: “Вайсковае ўмяшальніцтва ці пастаўкі зброі могуць азначаць небяспеку рэгіянальнага канфлікту. Гэта можа прывесці да яшчэ большай колькасці ахвяраў”.

Далейшае развіццё падзеяў пакуль цяжка прадбачыць, мяркуюць адмыслоўцы. Плануюць, што галасаванне над рэзалюцыяй наконт Сірыі амерыканскі сенат пачне ўжо ў бліжэйшую сераду. Больш за два гады збройнага канфлікту ў краіне забралі жыцці больш за сто тысячаў чалавек. Звыш двух мільёнаў сірыйцаў вымушаныя былі ўцякаць з краіны.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў