Рэйтынг шчасця паводле ААН


https://youtu.be/qpuVI8zphq8
Шчасця зычым мы адзін адному. Шчасця хоча кожны з нас. Аднак што гэта такое? І колькі яго трэба? А таксама ці могуць быць шчаслівымі як асобныя людзі, гэтак і цэлыя народы? Арганізацыя аб’яднаных нацыяў апублікавала вынікі даследавання, якое вялося з 2010-га года. Беларусы ў рэйтынгу шчасця апынуліся моцнымі “сераднячкамі”. {movie} «Аб’ектыў» панядзелак, 9 верасня 2013 21:13 Шчасця вам, спадарства!|left|12407{/movie}

Радзіма чалавечага шчасця – Паўночная Еўропа. Прынамсі, калі верыць даследчыкам. Традыцыйна штогадовыя рэйтынгі самых шчаслівых краінаў свету ачольваюць Данія, Нарвегія, Швейцарыя, Нідэрланды, Швецыя, Фінляндыя, Ісландыя. Вось і сёлета эксперты Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў зноўку аддалі перавагу Капэнгагену.

ЖЫХАРЫ КАПЭНГАГЕНУ: «Мы шчаслівыя, бо тут у небе заўсёды свеціць сонейка!». «У нас няма завышаных чаканняў. Мы марым, вядома, шмат пра што, але нашыя мары лёгка ажыццявіць». «Шчасце – гэта калі маеш шмат сяброў і атрымліваеш асалоду ад кожнага дня ў жыцці». «Мы любім адпачываць і расслабляцца. І мы не думаем зашмат… Вельмі, вельмі шчаслівыя датчане!».

Вымяралі ўзровень шчасця краінаў эксперты паводле шасці крытэраў: рэальны валавы ўнутраны прадукт на душУ насельніцтва, працягласць жыцця, магчымасць пакласціся на каго-кольвек у найбліжэйшым атачэнні, суб’ектыўная ступень свабоды ў прыняцці жыццёвых рашэнняў, абароненасць ад карупцыі і шчодрасць.

ТАЦЦЯНА ВАДАЛАЖСКАЯ, КАНДЫДАТ САЦЫЯЛАГІЧНЫХ НАВУК: «Нават калі там былі сацыялагічныя апытанні, калі там былі ўключаныя сацыялагічныя апытанні, то яны займаюць невялікую частку гэтага рэйтынгу. А звычайна даволі шмат – гэта паказнікі: статыстычныя, эканамічныя і г. д. А таму на фактар страху неяк не даводзіцца суадносіць гэтыя вынікі».

А таму, да прыкладу, гіганцкія радовішчы выкапняў могуць «ашчаслівіць» статыстыку нават таталітарных краінаў ды ўзняць іх у рэйтынгу вышэй, скажам, за дэмакратычную еўрапейскую дзяржаву, хай нават з мірным жыццём ды папулярнымі курортамі.

РЭЙТЫНГ ШЧАСЛІВЫХ КРАІНАЎ:

20 – ВЕНЕСУЭЛА
57 – КАЗАХСТАН
59 – ТУРКМЕНІСТАН
80 – ЧАРНАГОРЫЯ
110 – ВУГОРШЧЫНА
118 – МАКЕДОНІЯ

Беларусы ж, трапіўшы на 66-ы радок рэйтынгу са 150-ці, апярэдзілі амаль усіх сваіх суседзяў – незалежна ад узроўню прыбыткаў альбо ўзроўню дэмакратыі.

РЭЙТЫНГ ШЧАСЛІВЫХ КРАІНАЎ:

51 – ПОЛЬШЧА
66 – БЕЛАРУСЬ
68 – РАСЕЯ
71 – ЛІТВА
87 – УКРАІНА
88 – ЛАТВІЯ

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ: «Шчасце – гэта дзеці. Мы шчаслівая нацыя!». «Ну, а чаго сумаваць? Мне здаецца, мы жывем у добрай краіне, квітнеючай, так бы мовіць!». «Беларусы – вельмі шчырыя людзі. Можа, у гэтым шчасце?».
«Калі я хачу быць сёння шчаслівая і ўсё дзеля гэтага раблю, то я шчаслівая – незалежна ад усіх акалічнасцяў, якія мяне атачаюць!»
.

Зрэшты, не ўсе на менскіх вуліцах згодныя з гэтым.

ЖЫХАР МЕНСКУ: «Палітычнае становішча, якое маем цяпер, зусім нестабільнае. Крызіс у краіне. Свабоды слова няма. Мала правоў. Прыціскаюць нашыя правы».

Дык у чым жа сакрэт шчасця для краіны? І ці ёсць сэнс верыць гэткім супярэчлівым рэйтынгам?

ТАЦЦЯНА ВАДАЛАЖСКАЯ, КАНДЫДАТ САЦЫЯЛАГІЧНЫХ НАВУК: «Яны паказваюць праблемы ці накірункі, пра якія трэба думаць. А думаць трэба пра якасць жыцця. Вось фактычна гэты рэйтынг – гэта рэйтынг якасці жыцця».

Што ж азначае якасць жыцця? І ці можна пачувацца шчаслівым, седзячы, да прыкладу, у клетцы, хай сабе і залатой?

ТАЦЦЯНА ВАДАЛАЖСКАЯ, КАНДЫДАТ САЦЫЯЛАГІЧНЫХ НАВУК: «Савецкі Саюз і яго гэткія паслядоўнікі, як Беларусь – там у якасць жыцця можа ўваходзіць шмат паказнікаў, але ўсе яны вызначае нехта, а не сам чалавек. У больш вольных краінах якасць жыцця – гэта найперш магчымасць выбару. Выбару таго жыцця, якое ты сам хочаш весці. І гэта можа быць не самае багатае жыццё, не самае стабільнае, але ты сам яго выбраў!».

Выбіраць сабе самастойна мару ці мэту, імкнуцца да яе і мець магчымасць яе дасягнуць – вось простае чалавечае шчасце, бадай, аднолькавае для кожнага з нас. Незалежна ад радку ў рэйтынгу.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары