Пяты фолк-фестываль «Камяніца», які прайшоў у Музеі народнай архітэктуры і побыту, што пад Менскам, сабраў больш як 8 тысяч асобаў.
«Вельмі ўсцешаны тым, што ўсё шырэй, мацней, глыбей, цікавей. Канечне, я вельмі ўзрушаны ад той колькасці народу. Выдатны, добры настрой. Вельмі рады, што такое надвор’е. Лічу, што нам усё вельмі-вельмі спрыяе», – зазначыў куратар фестывалю Алег Хаменка.
Наведнікаў фестывалю чакаў выступ адметных гуртоў не толькі з Беларусі, але і з суседніх краінаў. Сярод цікавостак галоўнай сцэны – канцэрт гурта «Хварна» з Санкт-Пецярбургу.
«Упершыню граем у Беларусі. Аб’ездзілі колькі разоў Еўропу, але ўпершыню – на маёй Радзіме. Я там беларус адзіны, астатнія ўсе – расейцы. Таму ўнікальнасць гэтага праекту ў тым, што мы прапусцілі праз сэрца беларускую музыку – але праз сэрца тых людзей, якія тут не жывуць і ніколі не жылі», – кажа лідар гурта «Хварна» Андрэй Палаўчэня.
Апроч «Хварны», наведнікі «Камяніцы» маглі пачуць гасцей з Украіны – гурты «Фолкнеры» і «Даха-Браха», палякаў з «Аркестру Святога Мікалая». Скончыў фэст позна ўвечары гурт «Палац».
Сяргей Будкін, Мар’яна Чарняева, «Навіны культуры»