Маці памерлага жаўнера: уберажыце сваіх сыноў ад войска


Журналісты «Белсату» сустрэліся з маці Уладзіслава Ягадкіна, жаўнера, які памёр у вайсковай частцы ў Печах. Цяпер спадарыня Людміла чакае вынікаў экспертызы, паводле якой стануць вядомыя прычыны смерці маладога хлопца.

Адчай маці

Людміла Ягадкіна заклікае маці прызыўнікоў, якія маюць праблемы са здароўем, усялякім чынам не дапусціць таго, каб іхніх сыноў забралі ў войска.

{movie}Ягадкіна: уберажыце сваіх сыноў ад войска|right|12395{/movie}

«Майго сына прыйшлі і забралі, хоць ён не давучыўся. Чаму яму не далі давучыцца? Чаму забіраюць завочнікаў? Чаму забіраюць хворых? Чаму нашыя медкамісіі такіх забіраюць? Чаму майго сына забралі менавіта ў танкісты з такім здароўем? – гаворыць спадарыня Людміла. – Няхай маці робяць усё, каб такіх дзяцей камісоўвалі. Трэба гэтага дамагацца – хтосьці хабар дае, а ў мяне грошай няма, я расціла чацвярых дзяцей… Мне казалі: трэба было табе даць хабар…»

Што сталася прычынаю смерці?

Паводле маці, твар Уладзіслава быў моцна загрымаваны. Пры гэтым вонкавы выгляд сына выклікаў у маці падазрэнні адносна таго, што сын памёр негвалтоўнаю смерцю.

31 жніўня яна тэлефанавала сыну ўвечары. Два разы скінулі. Маці перакананая, што гэта зрабіў не ейны сын. Пазней ёй у частцы паведамілі, што ўвечары 31 жніўня Уладзіславу стала кепска. Днявалны завёў яго ў санчастку. Хлопцу аказалі першую дапамогу і адправілі назад.

А 6 раніцы 1 верасня Уладзіслава зноўку павялі ў медпункт. А 7 зафіксавана смерць. Паводле неафіцыйнае інфармацыі, прычына смерці – гіпертанічны крыз і ацёк лёгкіх.

{movie}Ягадкіна: атрымалі цела сына ў сланцах|right|12396{/movie}

Бацькі атрымалі цела для пахавання. Паводле маці, камандаванне вайсковай часткі пазбягае кантактаў з сям’ёй. Адзін з камандзіраў цвердзіць, што ў дзень смерці не мог дазваніцца да маці. Спадарыню Людмілу абурае і тое, як яны атрымалі цела свайго сына. «Я выпадкова сцягнула пакрывала, якім ён быў накрыты. І мяне ў руках аказаўся сланец. Уяўляеце: маці адправіла сына ў войска, у войска, якое на дзяржаўным забеспячэнні. І войска вярнула яго дадому ў сланцах. Гэта блюзнерства і здзек над бацькамі, над грамадствам», – зазначыла Людміла Ягадкіна.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў