Сеча, якая спыніла маскоўскую навалу


Дзень беларускай вайсковай славы адзначаецца 8 верасня, у гадавіну Бітвы пад Оршаю, калі ваяры ВКЛ пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага перамаглі полчышчы Маскоўскага княства, якіх было амаль утрая больш.

Сеча ўвайшла ў еўрапейскія падручнікі гісторыі як узор паспяховай тактыкі ў змаганні з нязмерна большымі сіламі супраціўніка. Гэта – адна з самых слаўных старонак нашае гераічнае мінуўшчыны.

Напачатку маскоўскія ваяводы не сумняваліся ў хуткай перамозе праз колькасную перавагу. Аднак маскоўскія палкі кепска ўзаемадзеялі ў бітве, а пераломным момантам стаўся манеўр Канстанціна Астрожскага. Гетман з часткаю свайго войска пачаў адступленне, заманьваючы праціўніка ў пагоню. Нечакана для маскоўскіх ваяроў з флангаў грымнула артылерыя ВКЛ. Не даўшы праціўніку перагрупавацца, Астрожскі атакаваў палкі пад камандаваннем Булгакава-Голіцы, потым сілы іншага ваяводы – Чалядзіна. У Маскоўскім войску пачалася паніка. Шмат хто з уцекачоў загінуў у Дняпры і Крапіўне.

Дзякуючы гэтай перамозе падоўжыўся «залаты век» ВКЛ і нашае нацыянальнае культуры.

Адна з праграмаў белсатаўскага цыклу «Гісторыя пад знакам Пагоні» прысвячаецца бітве пад Оршаю ды Канстанціну Астрожскаму, пад кіраўніцтвам якога вялікалітоўскае войска перамагло маскоўцаў.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў