Бітва за Маскву


https://youtu.be/fhrixK71AT0

У Расеі адгрымелі апошнія агітацыйныя канцэрты і мітынгі. Расея абірае восем кіраўнікоў рэгіёнаў і дэпутатаў шаснаццаці мясцовых парламентаў. Аднак увага медыяў прыкаваная да Масквы: ці здолее апазіцыянер Аляксей Навальны пахіснуць манаполію “Адзінай Расеі”?

{movie}Бітва за Маскву|right|12389{/movie}

Хто б ні стаў новым мэрам Масквы, гэтая выбарчая кампанія, хоць і на кароткі час, але вярнула палітычную барацьбу ў Расею. Каманда Навальнага ставіла на крэатыў і сустрэчы з выбарцамі. А расейцы ўрэшце пабачылі палітыка, які не саромеецца сваёй сям’і.

ЮЛІЯ НАВАЛЬНАЯ
, ЖОНКА АЛЯКСЕЯ НАВАЛЬНАГА:
“Калі хтосьці ва ўладзе ўспрымае сям’ю як слабое месца, то яны памыляюцца. Сям’я – гэта моц кожнага нармальнага чалавека, а тым больш сапраўднага палітыка”.

На апошнім мітынгу Навальнага зайграў забаронены ў Беларусі “Ляпіс Трубяцкой”. Музыкі падкрэслівалі, што яны не столькі падтрымліваюць апазіцыянера як палітыка, колькі ягонае імкненне змяніць сістэму.

Але нягледзячы на бліскучую кампанію і дзясяткі тысячаў людзей на мітынгах Навальнага, у перамогу не вераць нават ягоныя прыхільнікі.

ЖЫХАРЫ МАСКВЫ:
“Ну а што выбары – Сабяніну намалююць адсоткі. Усё, як трэба, – падмануць чарговы раз. Ну што я буду рабіць? Пратэставаць”.
“Я думаю, што гэтыя выбары прывядуць да ўлады не зусім легітымнага кандыдата”.
“Мы, шчыра кажучы, не ведаем, чаго чакаць. Спадзяемся на лепшае, а гатовыя да горшага”.

Палітолагі таксама не маюць для Навальнага добрых навінаў.

МАРЫЯ ЛІПМАН
, АНАЛІТЫК ЦЭНТРУ КАРНЭЙГІ:
“Найбольш аўтарытэтныя расейскія сацыёлагі даюць Навальнаму не больш за 15–20 % галасоў. Прынамсі гэта ад той лічбы людзей, што ўжо вызначыліся са сваім выбарам і пойдуць галасаваць. Але я б сказала, што ўжо такі адсотак ён можа лічыць вялікім дасягненнем для сябе”.

Безумоўным фаварытам лічыцца выканаўца абавязкаў мэра сталіцы Сяргей Сабянін, які раней кіраваў адміністрацыяй Пуціна. Ён паставіў на тэлевізійную агітацыю. На вуліцах няма сабянінскіх білбордаў, ніхто не раздае агітацыйных улётак, затое рэдкае выданне навінаў не распавядае пра дасягненні праўладнага кандыдата.

Учора ён таксама правёў апошні агітацыйны канцэрт. Пасля таго, як спявак Грыгорый Лепс скончыў не зусім адпаведную моманту песню, цюменец Сяргей Сабянін заклікаў вярнуць Маскву масквічам.

СЯРГЕЙ САБЯНІН, КАНДЫДАТ НА МЭРА МАСКВЫ:
“Галоўнае – Масква! Галоўнае – масквічы! Мы пераможам… Ура”.

А калі гэта здарыцца, Навальнаму прыйдзецца тэрмінова заняцца апеляцыяй у справе “Кіраўлесу”, паводле якой яго ўжо прыгаварылі да 5 гадоў калоніі.

Да перамогі расейскай апазіцыі далёка. Але хто мог уявіць усяго паўтара года таму, што ў Маскве з’явіцца сіла, якая здолее прыцягнуць на свой бок амаль кожнага пятага?

Усевалад Шлыкаў, “Аб’ектыў”

Глядзі таксама
Каментары