Маладзечанскія жарсці: «замінаванне» школаў было помстаю


Паводле праваахоўнікаў, злачынца, які пагражаў узарваць школы, патрабаваў “выкуп” 10 000 долараў ЗША. Але электронны гаманец, на які трэба было перавесці грошы, быў зарэгістраваны на іншую асобу. Такім чынам “мінёр” хацеў адпомсціць іншаму маладзечанцу.

Падчас аператыўна-вышуковых захадаў было ўстаноўлена, што ў затрыманага ўзніклі непрыязныя дачыненні з мясцовым жыхаром. Даведаўшыся ягоныя пашпартныя звесткі, мужчына вырашыў адпомсціць па-буйному. Зарэгістраваў на жыхара Маладзечна, які нічога не падазраваў, электронны кашалёк і пазначыў яго ў лістах з пагрозамі аб выбуху школаў і патрабаваннем пералічыць грошы. Дзеянні зламысніка не былі скіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў горадзе і зрыў навучальнага працэсу, а выкліканыя асабістаю помстаю. Сапраўдныя матывы злачынства будуць вызначаныя падчас следства”, – гаворыцца ў супольнай заяве Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Паведамленні аб небяспецы, якія паступілі поштаю, уяўлялі сабою надрукаваны на прынтары тэкст, былі запячатаныя ў канверты і ўтрымлівалі патрабаванні перавесці 10 000 долараў ЗША на канкрэтны электронны гаманец. У выпадку адмовы перавесці грошы нібыта меў адбыцца выбух. Усе лісты былі адпраўленыя з Маладзечна.

Праваахоўнікі затрымалі жыхара Маладзечна, якога падазраюць у датычнасці да фальшывага мінавання маладзечанскіх школаў. Гэта 30-гадовы рабочы адной з маладзечанскіх будаўнічых фірмаў, раней пад судом не быў.

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары