Набліжаецца чарговая малочная вайна з Расеяй?


Сустрэча беларускага і расейскага віцэ-прэм’ераў у Маскве адбылася, аднак Уладзімір Сямашка не здолеў дамовіцца з Аркадзем Дварковічам пра імпарт нафты ў Беларусь у тых аб’ёмах, на якія разлічваў урад. А гэта азначае, што краіна атрымае замест 21 млн т нафты толькі 18,5 млн т. {movie}Набліжаецца чарговая малочная вайна з Расеяй? |left|12346{/movie}

Гэта першы такога кшталту кантакт з таго моманту, калі распачаўся калійны канфлікт, выкліканы арыштам расейскага гендырэктара “Уралкалію”. Крымінальны пераслед бізнесоўца стаў адною з тэмаў размовы паміж палітыкамі. Аднак нічога новага ў гэтай справе, прынамсі, у публічнай прасторы, сказана не было. Апрача таго высветлілася, што ёсць шэраг прэтэнзіяў да беларускіх сельскагаспадарчых прадуктаў. Таксама адпаведныя ведамствы пачалі правяранне паводле факту рээкспарту ў Расею некаторых тавараў трэціх краінаў пад выглядам беларускіх. Апошні раз Расея ўздымала пытанне рээкспарту ў 2009-м годзе падчас гэтак званай цукровай вайны.

Палітыкі размаўлялі таксама і на традыцыйную сёлета тэму расейска-беларускіх холдынгаў, аднак тут – без зменаў. Дакладна можна сказаць, што Беларусь чакае малочная вайна. На мінулым тыдні галоўны санітарны доктар Расеі Генадзь Анішчанка заявіў, што мае пытанне да беларускіх малочных прадуктаў. Сёння ён сустрэўся з Васілём Жарком, беларускім міністрам аховы здароўя. Высветлілася, што ў хуткім часе гэты сегмент прадукцыі можа быць забаронены для продажу ў Расею.

Як вынік – з пазіцыі сілы размаўляла Масква, хаця падавалася, што пасля арышту гендырэктара “Уралкалію” Менск узяў закладніка як важкі аргумент у будучых перамовах. Аднак Крэмль абраў наступальную тактыку: вылучыў умовы і даў кіраўніцтву Беларусі час падумаць. Канчатковыя рашэнні ва ўсіх пытаннях будуць прынятыя на наступным тыдні, ды залежаць яны, як сказаў Аркадзь Дварковіч, ад агульнай сітуацыі.

Аліна Радачынская, Масква

Стужка навінаў