Маладзечна: эвакуацыя ў пяці школах


У Маладзечне эвакуююць вучняў, настаўнікаў і персанал шэрагу школаў у сувязі з паведамленнямі аб замініраванні.

Як паведаміў Канстанцін Шалькевіч, прэс-сакратар МУС Беларусі, у горад выехалі сапёрна-піратэхнічныя групы. У які час паступілі паведамленні аб замініраванні ды пра якую колькасць школаў ідзе гаворка, ён казаць не стаў. «Аніякіх падрабязнасцяў. Пакуль не лічым неабходным усё гэта агучваць і ствараць лішнюю паніку», – заявіў Шалькевіч.

У сваю чаргу, ва ўпраўленні ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму паведамляюць, што інфармацыя аб замініраванні шэрагу школаў у Маладзечне паступіла сёння на адрас кіраўнікоў гэтых навучальных установаў.

У Маладзечна накіраваліся адмыслоўцы – узрыватэхнікі спецпадраздзялення дзеля барацьбы з тэрарызмам МУС «Алмаз» і ўнутраных войскаў.

«Міліцыя і мясцовыя органы ўлады робяць захады для запэўнівання бяспекі», – сказаў Аляксандр Данільчанка, начальнік аддзялення інфармацыі УУС Менскага аблвыканкаму. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ніякай панікі ў горадзе няма.

Паводле БелаПАН

Фота interfax.by

Стужка навінаў