Франак Вячорка ў «Гарачым каментары»


У Беларусі няма і ніколі не было адзінага моладзевага руху.

Моладзевы актывіст не чакаў такой колькасці маладзёнаў на плошчы 19 снежня. «Гэта вялікі трыумф інфармацыйных тэхналогіяў. Моладзь чытала інтэрнэт, чытала сацыяльныя сеткі, глядзела інтэрнэт-тэлебачанне. Нам удалося ў інтэрнеце арганізаваць цэлы моладзевы рух, а пасля і рух салідарнасці з затрыманымі. Людзі, якія прыйшлі на Плошчу, хацелі нармальна вучыцца, хацелі нармальна зарабляць – у кожнага свая матывацыя, але ўсе яны выйшлі для таго, каб змяніць уладу», – упэўнены Франак Вячорка.

У той жа час ён прызнае, што ў Беларусі няма і ніколі не было адзінага моладзевага руху. «Магчыма, гэта асаблівасць нашае ментальнасці, а магчыма, гэта асаблівасць сітуацыі, з якой мы нічога не зробім. Кожная моладзевая арганізацыя ў Беларусі мае сваю ідэалогію, свае асаблівасці, нават свае погляды на сітуацыю пасля выбараў. Таму не варта спрабаваць гэта ўсё штучна аб’яднаць, трэба шукаць пункты сутыкнення, цяпер важная кансалідацыя ўсёй моладзі, усёй апазіцыі», – кажа Вячорка.

Франак адзначае, што нягледзячы на вялікую колькасць актыўнай моладзі, тых, хто выйшаў на Плошчу альбо браў удзел у акцыях салідарнасці, большасць усё ж мае абыякавую альбо адваротную пазіцыю. Паводле меркавання Франака Вячоркі, сярод пакалення, якое вырасла пры сённяшняй уладзе, расце колькасць прыхільнікаў Лукашэнкі: «Іх выхоўвае сярэдняя школа, дзе проста адвучаюць думаць і ўвогуле працаваць і цікавіцца палітыкаю, потым ВНУ, ПТВ, дзе адбываецца тое ж самае. А потым войска. Войска, якое я прайшоў, яно адбівае ўсялякую цікавасць да палітыкі ды ўвогуле той кавалак мозгу, што адказвае за самастойныя рашэнні».

Паводле словаў моладзевага актывіста, ужо цяпер пачаўся працэс кансалідацыі рэшткаў моладзевых рухаў: «Мы ствараем згуртаваны моладзевы рух з тых маладых людзей, якія прыйшлі на Плошчу ўпершыню, з тых, хто быў сябрамі моладзевых арганізацыяў: «Малады фронт», «Маладая Беларусь», «Моладзь БНФ». Гэты моладзевы рух ужо ў самай бліжэйшай перспектыве пачне змагацца супраць дыктатуры Лукашэнкі. У гэтым годзе апазіцыя павінна перафарматавацца, а моладзь, на мой погляд, мусіць быць радыкальная».

belsat.eu

Стужка навінаў