Беларуска-расейскія перамовы: у Маскву адправілі «майстра выклянчвання»


Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка можа не баяцца арышту ў маскоўскім аэрапорце. “Ніхто не хоча з ім звязвацца – навошта гэты галаўны боль”, – гаворыць расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Чаму ў Маскве не любяць Сямашку?

{movie}Суздальцаў: Чаму ў Маскве не любяць Сямашку?|right|12339{/movie}

У Маскве чыноўнік сустрэнецца з расейскім віцэ-прэм’ерам Аркадзем Дварковічам. Чакаецца, што галоўнаю тэмаю перамоваў стане нафтавае пытанне. Беларускі бок хоча ўзгадніць аб’ёмы паставак расейскай нафты на чацвёрты квартал і на ўвесь 2014 год. Але гэта выглядае малаверагодным: Расея ўзгадняе з Беларуссю аб’ёмы нафты кожны квартал. На думку беларускіх эканамістаў, гэта дазваляе трымаць афіцыйны Менск “на кароткім павадку”.

Паводле Андрэя Суздальцава, Уладзімір Сямашка – не самы чаканы госць у Маскве. “Сямашка гадзінамі здольны выдушваць на перамовах: штосьці нам дайце. Быў момант, калі гэта стала проста невыносна, і Масква дала гэта зразумець. Тады Сямашку ад перамоваў адхілілі. А цяпер адпраўляюць менавіта яго (а, па ідэі, меў паехаць Мясніковіч). Ён едзе выпрошваць шосты транш крэдыту, новы крэдыт “на пражыццё”, нафту на чацвёрты квартал і нескарачэнне аб’ёмаў нафты ў верасні”, – гаворыць маскоўскі эксперт.

Андрэй Суздальцаў называе беларускага віцэ-прэм’ера “майстрам выклянчвання”. “У Сямашкі такое бачанне Расеі: гэта вялізарнае поле, як у Краіне дурняў, дзе можна прыйсці, штосьці накапаць, як бульбы, і спакойна знесці. Гэткі склад, дзе можна ўсім карыстацца, – гаворыць палітолаг. – Ні разу Сямашка не прыязджаў у Маскву з чымсьці. Заўсёды – па нешта”.

Выбар паміж нафтаю і Баўмгертнерам?

Сённяшнія перамовы – першая беларуска-расейская сустрэча на высокім узроўні пасля арышту ў Менску генеральнага дырэктара “Уралкалію” Уладзіслава Баўмгертнера. Пасля гэтага інцыдэнту віцэ-прэм’ер Дварковіч заявіў, што Расея можа перагледзець шэраг пытанняў двухбаковай супрацы з Беларуссю. “Адносна экспарту нафты пазіцыя Расеі не змянілася: мы зыходзім з таго, што за 2013 год расейскі бок паставіць у Беларусь 18,5 мільёнаў тон, пры тым, што Беларусь настойвае на 23 мільёнах тонаў”, – сказаў Дварковіч журналістам.

Паводле адмыслоўцаў, скарачэнне аб’ёмаў нафты у верасні прывядзе да таго, што Беларусь толькі за адзін месяц згубіць каля $ 160 мільёнаў.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў