Еўрапейскі парк савецкага перыяду


Можа падасца, што вы – у 70-х гадах, але гэта – сучаснасць. Савецкія назвы вуліцаў, статуі камуністычных дзеячаў і піянеры – гэтак выглядае парк савецкага перыяду памерам на ўсю нашую краіну.

А гэта – зусім іншы парк, што месціцца за 30 кіламетраў ад мяжы Беларусі. Тэрыторыя яго зусім невялікая, але насычаная. Тут змясцілася 111 скульптураў савецкага часу з усёй Літвы. Гэткаю перанасычанасцю заснавальнік парку ў Грутасе ля Друскенікаў хацеў паказаць увесь жудасны абсурд таталітарнай ідэалогіі СССР.{movie}Еўрапейскі парк савецкага перыяду|left|12337{/movie}

ВІЛЮМАС МАЛІНАЎСКАС, ДЫРЭКТАР ПАРКУ ГРУТАС:
Нагадаць свету, людзям, да чаго можа прывесці любая дыктатура ва ўладзе. Я думаю, ніхто не мае права забыць сталінскія часы, тое, што адбывалася не толькі ў Літве, але ва ўсіх рэспубліках, якія ў той час былі ў Саюзе”.

А тыя, хто жыў у СССР, і сапраўды праедуцца на машыне часу. Тут і сцэна для выступаў гурткоў самадзейнасці, і дзіцячая пляцоўка, і агітпункт з неверагоднаю канцэнтрацыяй савецкіх артэфактаў.

Падазрэнні ў тым, што Грутас – настальгічны музей, знікаюць, калі за бадзёрымі транспарантамі ды манументальнымі бюстамі пачынаецца… Сібір. Гэта рэканструкцыя мясцінаў, дзе жылі сотні тысячаў сасланых літоўцаў. У іх ліку – і сям’я Вілюмаса.

ВІЛЮМАС МАЛІНАЎСКАС, ДЫРЭКТАР ПАРКУ ГРУТАС:
Мой бацька прабыў 10 гадоў у Сібіры. Часам ён казаў: “Мне было вельмі цяжка, ледзь выжыў там. Але, як бачу, і вам, хто застаўся тут, не было весялей”. Адзін дзядзька прабыў 12,5 гадоў у Сібіры, другі – 15,5. Так што ўсё гэта давялося перажыць”.

Плынь зацікаўленых не спадае з моманту адкрыцця парку. Змянілася, хіба, структура наведвання: напачатку паглядзець на міні-СССР прыязджалі літоўцы, апошнімі гадамі большасць наведнікаў – замежнікі. Пабачанае нязменна ўражвае ўсіх.

НАВЕДНІКІ ПАРКУ ГРУТАС:
Я б марыла, каб у Беларусі быў такі музей пад адкрытым небам”.
Чалавек ад мінулага ніколі не збяжыць. Я мяркую, што гэты збор скульптураў у адным парку – пэўная частка нашай мінуўшчыны”.
Для старэйшых не гэтак важна, а малодшым пакаленням трэба пабачыць, як гэта выглядала”.
На жаль, мы сёння бачым шмат прыкладаў, як нешта вылазіць тым ці іншым чынам. Калі мы не будзем ведаць, што, як і чаму адбывалася, мы не будзем разумець, што ў будучыні ўсё можа паўтарыцца”.

Літоўцам удалося пакінуць Савецкі Саюз у мінуўшчыне. Як беларусам асэнсаваць сваю савецкую гісторыю, якая, па сутнасці, усё яшчэ сучаснасць? Адмыслоўцы цвердзяць, што перспектывы яе трансфармацыі вельмі шырокія.

КІРЫЛ АТАМАНЧЫК, АДМЫСЛОВЕЦ У КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЕ:
Нездарма краіну называюць савецкім запаведнікам, і я заўжды падкрэсліваў, што гэтага не варта цурацца. Гэта варта выкарыстоўваць у нашых жа мэтах, гэта нашая адметнасць”.

Адметнасць, якую яшчэ трэба асэнсаваць. Дзеля гэтага варта завітаць і ў літоўскі музей. І, мусіць, зусім невыпадкова тое, што месціцца гэты “Ленін-лэнд” – ленінская зямля, як яе называюць на Захадзе, – літаральна на мяжы з Беларуссю, краінаю, якую на тым самым Захадзе часцяком называюць выспаю ленінска-сталінскіх традыцыяў у кіраванні. Толькі ў адрозненне ад Беларусі тут ніхто нікім не кіруе. Тут гісторыя заснула, каб быць маўклівым напамінам.

Алесь Сіліч, Настасся Яўмен, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў