Амбасада ЗША дзявяты раз зладзіла рок-фэст на падворку


“Амбасовішча” – гэтак называецца фестываль беларускай музыкі, які праходзіць у Менску і рыхтуецца высілкамі амбасады ЗША ўжо дзявяты год. Яго арганізатары заяўляюць, што перадусім хочуць падтрымаць незалежную беларускую культуру. Таму сярод запрошаных на гэтую імпрэзу шмат знакавых асобаў, чыя прысутнасць у дзяржаўных медыях не пажаданая.

Вялікі дзякуй арганізатарам за тое, што яны дапамагаюць у развіцці беларускай музыкі не першы год. Гэта вельмі важна. І дай бог жыцця і здароўя фестывалю “Амбасовішча”, – кажа музыка Зміцер Вайцюшкевіч.

У першыя гады фестываль адкрываў амбасадар ЗША ў Беларусі, але з часу дыпламатычнага канфлікту між нашымі краінамі ў 2008 годзе абавязкі гаспадара “Амбасовішча” выконвае часовы павераны.

{movie}Агляд падзеяў культуры (04.09.2013)|right|12325{/movie}

Сёлета ўпершыню такі гонар меў Ітан Гоўлдрыч. Ён адзначыў: “Амбасада ладзіць гэты фестываль ужо шмат гадоў. І мы вельмі радыя, што абмежаванні, якія існавалі для творчых асобаў, сталі менш жорсткія. Мы працягнем ладзіць гэты фестываль, каб у музыкаў была магчымасць выказваць свае думкі, бо лічым, што грамадства не мае баяцца таго, што кажуць творчыя людзі. І мы радыя даць ім магчымасць выказацца і падзяліцца сваімі ідэямі”.

На сяброўскі канцэрт “Амбасовішча” штогод склікаюцца вядомыя дзеячы мастацтва – музыкі, пісьменнікі, мастакі, арт-менеджары. Сярод сёлетніх выступоўцаў былі Лявон Вольскі, Аляксандр Памідораў, Зміцер Вайцюшкевіч, гурт “Рэха”.

Іншыя тэмы: Для здымак “на 90 % беларускага” моладзевага серыялу “Сезон ідэяў” нумары на аўтах замянілі на расейскія, а Менск – на Ноўнэймск. Серыял “Вышэй за неба” пасля доўгіх скандалаў афіцыйна выходзіць у эфір. Брытанская пісьменніца Соўфі Гэна дасць новае жыццё Эркюлю Пуаро. Гурт “Pixies” запісаў альбом і паказаў кліп – упершыню за 22 гады.

Сяргей Будкін, Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў