Француз думаў, што Берасце ў Еўразвязе


Маладзён з Францыі без візы і грошай спрабаваў трапіць у Берасце, каб знайсці там працу афіцыянта. Ён не ведаў, што Беларусь не ўваходзіць у склад Еўрапейскага Звязу.

20-гадовы француз, які працаваў у Шампані афіцыянтам, пасварыўся са сваім босам і вырашыў пашукаць шчасця ў Беларусі. Ён быў упэўнены, што Берасце ў Еўразвязе і віза яму не патрэбная.

Берасцейскія памежнікі затрымалі мокрага і бруднага француза за 15 метраў ад беларуска-польскай мяжы. Як маладзёну ўдалося перайсці мяжу, не вядома. Ён меў пры сабе 1 еўра, 1 чэшскую крону і 30 польскіх злотых і распавёў, што даехаў да мяжы аўтаспынам праз Нямеччыну і Польшчу.

Прэс-сакратар берасцейскай памежнай службы паінфармаваў, што затрыманы парушальнік мяжы меў дакумент грамадзяніна Францыі, медычную страхоўку, крыху харчоў, а таксама фартух, белую кашулю і гальштук. Хлопец намерваўся працаваць у адной з берасцейскіх кавярняў.

Паводле памежніка, француз папярэдне пазнаёміўся ў сеціве з жыхаром Берасця, які абяцаў яму дапамагчы знайсці працу.

Як піша “Комсомольская правда в Белоруссии”, не вядома, ці ведаў француз, за які ганарар яму б давялося працаваць у Беларусі. У Францыі ён зарабляў 1600 еўраў, у Беларусі яму б заплацілі ў найлепшым выпадку ўдвая менш, падае газета.

Нелегальнаму мігранту пагражае штраф 5 мільёнаў беларускіх рублёў, а таксама дэпартацыя з забаронаю на ўезд на тэрыторыю Беларусі цягам 5 гадоў. Бліжэйшым часам яго перададуць польскай памежнай службе.

Караліна Русіновіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары