На чэмпіянаце Беларусі па хакеі забаранілі пісаць па-беларуску


На форме ўдзельнікаў чэмпіянату Беларусі па хакеі прозвішчы гульцоў можна пісаць толькі на расейскай мове. Пра гэта абвяшчае артыкул 67 Рэгламенту аб правядзенні 22-га Адкрытага чэмпіянату Беларусі па хакеі з шайбаю ў сезоне 2013–2014.

Пад гэтым дакументам, датаваным 27 чэрвеня 2013 года, стаяць подпісы старшыні асацыяцыі Федэрацыя хакею Рэспублікі Беларусь Яўгена Ворсіна і першага намесніка міністра спорту і турызму Беларусі Аляксандра Гагіева.

Сярод іншага, у 67-м артыкуле дакументу сказана, што на гульнявым швэдры прозвішча хакеіста мусіць быць напісанае выключна на расейскай мове.

Па каментар “Белсат” звярнуўся ў Федэрацыю хакею Рэспублікі Беларусь. Менеджар федэрацыі Арсеній Якавенка заявіў: “Калі ў рэгламенце прапісана, што прозвішчы трэба пісаць на расейскай мове, значыць, трэба пісаць на расейскай. Рэгламент трэба выконваць. Больш вам на гэтую тэму нічога сказаць не магу”.

Перад пачаткам чэмпіянату Беларусі па хакеі лідар грамадзянскай ініцыятывы “Справаводства па-беларуску!” Ігар Случак разаслаў лісты з прапановаю пісаць прозвішчы гульцоў па-беларуску ва ўсе 10 клубаў – удзельнікаў чэмпіянату. Сярод іншага, з ХК “Берасце” актывіст атрымаў адказ, што клуб не можа пісаць прозвішчаў па-беларуску на форме згодна з артыкулам 67 Рэгламенту аб правядзенні 22-га Адкрытага чэмпіянату Беларусі.

Калі я атрымаў адказ з Берасця, то спачатку не паверыў, што ў беларускім чэмпіянаце абавязкова трэба пісаць прозвішчы гульцоў на форме па-расейску, – прызнаўся спадар Случак. – Меркаваў, што рэгламент дазваляе выбіраць адну з дзяржаўных моваў на жаданне клубу ці самога гульца”.

Спадар Случак палічыў, што ў Берасці проста не цалкам працытавалі артыкул афіцыйнага дакументу: “Я быў непрыемна здзіўлены, што сапраўды, артыкул 67 Рэгламенту хакейнага чэмпіянату Беларусі забараняе пісаць прозвішчы гульцоў па-беларуску, абавязваючы клубы без права выбару пісаць толькі па-расейску”, – адзначыў прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы “Справаводства па-беларуску!”.

Паводле актывіста, шмат хто абураўся, што ў расейскай КХЛ менскаму “Дынама” нельга было пісаць прозвішчаў па-беларуску: “Але гэта расейскі чэмпіянат, і з гэтым правілам яшчэ можна пагадзіцца. Але калі ў беларускай Экстралізе нарматыўна замацаваная толькі расейская мова, пры поўным ігнараванні беларускай, то ўзнікае пытанне, ці сапраўды паводле Канстытуцыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы, першаю з якіх, між іншага, запісаная беларуская, і ці не ёсць беларуская Экстраліга шостаю-сёмаю лігаю расейскага хакейнага чэмпіянату?

Чэмпіянат Беларусі па хакеі з шайбаю стартуе сёння, 4 верасня. У ім выступяць 10 клубаў. Упершыню за апошнія гады ў ім не будзе замежных камандаў. Раней у беларускім чэмпіянаце бралі ўдзел таксама каманды з Латвіі ды Украіны.

Алесь Ляўчук, belsat.eu

Стужка навінаў