Бюракратычны крэатыў Міністэрства адукацыі. Топ-5


Чаму школа – гэта пекла, і якая розніца паміж вучнем і навучэнцам? “Белсат” падрыхтаваў для вас падборку мемаў, цікавых цытатаў з міністэрскіх інструкцыяў і, канечне ж, найлепшыя ўзоры бюракратычнага крэатыву.

Навучальны год стартаваў, і беларуская сістэма адукацыі абхапіла моцнымі матчынымі абдымкамі сваіх дзетак – навучэнцаў.

А каб абдымкі былі мацнейшыя, Міністэрства адукацыі выдае дзясяткі палажэнняў, пастановаў, інструкцыяў і розных іншых дакументаў метадалагічнага характару для ўнутранага карыстання. Некаторыя з іх настолькі суровыя, што вызначаюць колькасць радкоў паміж словамі “Кантрольная праца” і пачаткам тэксту самой працы.

Сярод стосаў дакументаў можна знайсці і тыя, дзе міністэрскія чыноўнікі спрабуюць самі сябе абавязаць выдаваць менш дакументаў.

Не толькі дзёгаць ёсць у бочцы беларускай сістэмы адукацыі. Подых сучасных тэхналогіяў змусіў міністэрскіх чыноўнікаў задумацца наконт перспектываў пісання на “берасцяных граматах”, у выніку чаго паўстаў праект “Электронная школа”. Пакуль у ім удзельнічаюць 11 сталічных школаў. Дзённікі ды класныя журналы ў гэтых школах будуць у электронным фармаце, а вучні атрымаюць адмысловыя карты з чыпамі. З дапамогаю гэтых картаў бацькі змогуць сачыць за поспехамі ды няўдачамі сваіх дзетак. Адзін мінус для саміх вучняў – без хакерскіх ведаў выдаліць двойку са свайго электроннага дзённіка цяпер будзе амаль не магчыма.

Юрась Высоцкі, belsat.eu

Стужка навінаў