Кацярына Кібальчыч: Дзякуючы працы СМІ імідж Лукашэнкі ў вачах расейцаў папсаваўся


Карэспандэнтак расейскага «Першага каналу» Кацярыну Кібальчыч і «Новай газеты» Ірыну Халіп узнагародзілі прэміяй «Залатое пяро Расеі–2010». Прэстыжныя адзнакі расейскага Саюзу журналістаў яны атрымалі за рэпартажы з Беларусі.

Дыплом Ірыны Халіп прыняў намеснік галоўнага рэдактара “Новай газеты” Віталь Ярашэўскі. Нагадаем, што сама Ірына застаецца пад хатнім арыштам.
Кацярыну Кібальчыч адзначылі ў намінацыі «Спецыяльны карэспандэнт года» за серыю сюжэтаў пра апошнія прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

“Расяяне вельмі мала ведаюць пра сённяшнюю сітуацыю ў Беларусі, – кажа Кацярына. – Яны пераважна задавальняюцца міфамі. Ёсць пэўны стэрэатып, што беларусы – гэта троху наіўныя людзі, якія задаволеныя сваім прэзідэнтам. Так, ён крыху дзіўны, але ён іх задавальняе. Вось так думае большасць расяянаў у глыбінцы. Можа быць, гэтаму меркаванню паспрыялі гэтыя прэс-туры, якія арганізоўвала прэс-служба прэзідэнта гадамі і гадамі”.

Што да апошніх падзеяў, Кацярына дадала, што дзякуючы шырокаму асвятленню выбараў у медыях імідж беларускага кіраўніка папсаваўся: “Канечне, я не маю маральнага права казаць за ўсе 135 мільёнаў расяянаў, што яны думаюць пра Беларусь. Але мне здаецца, што людзі, якія глядзелі сюжэты на Першым канале, на НТВ, па “Расеі”, па РэнТВ, мусілі змяніць сваё стаўленне да Лукашэнкі. Для іх ён мусіў перастаць быць такім добрым прэзідэнтам, гаспадаром, у якога парадак у краіне. Здаецца, гэты імідж сапсаваны”.

belsat.eu

Стужка навінаў