Беларусь – сыравінны прыдатак расейскага шоу-бізнесу?


У чым феномен расейскамоўнага Макса Каржа? Калі Касю Камоцкую «напампаваць грашыма», ці яна стане беларускай Б’ёрк? Госці праграмы «Чорным па белым», музыка Алег Хаменка і прадзюсар Уладзімір Шаблінскі, дыскутуюць пра сітуацыю ў айчынным шоу-бізнесе.

{movie}„Чорным па белым”|right|12323{/movie}

Музыкам, што спяваюць па-беларуску, часам прабівацца цяжэй – мяркуецца, што расейскі рынак для іх зачынены, ды і ў Беларусі па радыё часцей пачуеш расейскамоўную музыку, хай і беларускага выканаўцы. Ці беларускім музыкам бракуе пі-ару?

«Пі-ар – гэта чыстая тэхналогія папулярызацыі, – гаворыць Алег Хаменка. – Стас Міхайлаў ніколі б не быў Стасам Міхайлавым, калі б за ім не стаялі вельмі вялікія грошы. Можна зрабіць хітом «Па вуліцы хадзіла бальшая кракадзіла», каб гэта спявалі ўсе. Вы будзеце казаць, што гэта лухта, але іншая справа, колькі ў гэта ўкладуць грошай».

Паводле Уладзіміра Шаблінскага, музыка Макс Корж цяпер перабывае на піку папулярнасці, бо ягоная творчасць для вялікай колькасці слухачоў – актуальная і сучасная. «Я цалкам пагаджаюся з «тэорыяй хвалі» Ханка. Напрыклад, гурт «Без білета»: Віталь Артыст дзесяцігоддзе граў тыя ж гітарныя рыфы, спяваў тыя ноты, якія спявае і цяпер. Але памятаеце? 2–3 гады таму «Без білета» з’явіліся паўсюль! Яны сталі актуальнымі, гучалі з кожнага прымача, хоць Артыст 10 гадоў таму граў тое ж. Прайшла хваля: выканаўца, што жыве на сваёй хвалі, прытрымлівацца яе. Але штосьці здараецца: ці то вясна позна прыйшла, ці яшчэ нешта – і менавіта гэтая музыка становіцца масавым псіхозам», – гаворыць удзельнік праграмы.

Паводле Алега Хаменкі, беларуская музычная індустрыя яшчэ не нарадзілася. З тым, што беларуская шоу-індустрыя неразвітая, пагаджаецца і Уладзімір Шаблінскі. Паводле прадзюсара, сёння немагчыма параўнаць беларускі шоу-бізнес з еўрапейскім ці расейскім паводле аб’ёмаў сродкаў, што круцяцца на музычным рынку. «Можна сказаць, што нашая краіна ў музычным плане застаецца сыравінным прыдаткам, чыім заўгодна: Еўразвязу ці Расеі. Але калі мы кажам, што Макс Корж з’едзе ў Расею – гэта добра», – гаворыць Уладзімір Шаблінскі.

Ці музыкам сёння сапраўды варта арыентавацца на Захад або на Усход? Ці трымацца свайго і чакаць «хвалі»? Глядзіце праграму «Чорным па белым»!

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў