Пачаўся збор ахвяраванняў на падтрыманне сям’і ксяндза Лазара


Паводле Ганны Шапуцькі, каардынатаркі грамадзянскай ініцыятывы «За волю», грошы патрэбныя ў першую чаргу на аплату паслуг адваката і перадачы ў СІЗА.

Збор грашовых сродкаў на падтрыманне сям’і ксяндза Лазара абвесцілі арганізатары вечара салідарнасці са святаром. Сустрэчу ініцыявалі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», ініцыятыва «Хрысціянскі рух» і грамадзянская ініцыятыва «За волю».

Вернікі салідарныя, касцёл – маўчыць

Актывіст БХД Дзяніс Садоўскі паведаміў, што сабралі каля 4800 подпісаў для падтрымання ксяндза.

«Расцэньваю гэта як рыхтаванне да 2015 года. Гэта зачыстка ўсяго, што засталося незалежным, усяго, што засталося моцным. Хрысціянская грамада ў Беларусі – адна з нешматлікіх па-сапраўднаму незалежных сілаў», – пракаментаваў Садоўскі змяшчэнне ксяндза Лазара пад варту.

Палітык паскардзіўся на адсутнасць афіцыйнай рэакцыі Каталіцкага касцёлу і заклікаў прысутных збіраць подпісы для падтрымання ксяндза Лазара каля святыняў: «Гэта дапамагло б паўплываць на касцёл, каб ён выказаў сваю пазіцыю, і гэта магло б стаць грамадскім ціскам на дзяржаўны апарат».

Ксёндз і «шпіёнаманія»

26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што затрымалі працаўніка беларускіх спецслужбаў – за працу на замежныя дзяржавы, а праз некалькі дзён стала вядома пра арышт ксяндза. «Мы нядаўна затрымалі аднаго са здраднікаў, які ў спецслужбах служыў і які быў праз прадстаўнікоў Каталіцкай царквы звязаны з замежнымі дзяржавамі, і не толькі здаваў інфармацыю, але праз ягоную дзейнасць пацярпелі людзі, якія працуюць за мяжою», – сказаў Лукашэнка.

29 ліпеня інфармацыю пра затрыманне ксяндза Лазара пацвердзіў прадстаўнік Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі.

Ксёндз Лазар раней служыў у Мар’інай Горцы і Рудзенску (Пухавіцкі раён Менскай вобласці), а ў красавіку яго прызначылі адміністратарам з правамі пробашча парафіі Спаслання Духу Святога ў Барысаве (Менская вобласць). Ён – грамадзянін Беларусі, вучыўся ў Гарадзенскай семінарыі, а затым – у Польшчы.

Арцём Шрайбман, БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары