Злачынства амаль дасканалае


Катажына В. пачула сёння прысуд: 25 гадоў пазбаўлення свабоды. Акруговы суд у Катавіцэ прызнаў яе вінаватаю ў наўмысным забойстве паўгадовай дачушкі Магды і свядомым увядзенні ў зман праваахоўных органаў. У панядзелак пракурор запатрабаваў для жанчыны пажыццёвага турэмнага зняволення, абарона патрабавала прызнаць яе не вінаватаю.

Гісторыя як з дэтэктыву

Усё пачалося ў студзені мінулага года, калі амаль уся Польшча некалькі дзён шукала зніклую паўгадовую дзяўчынку. Усе спачувалі 22-гадовай маці з Сасноўца, што ў Верхняй Сілезіі. Жанчына заявіла ў паліцыю, што невядомы мужчына напаў на яе ў парку і збіў. Калі жанчына апрытомнела, аказалася, што ў вазку няма ейнай дачушкі.

200-тысячны горад Сасновец быў заклеены абвесткамі з фотаздымкам скрадзенай дзяўчынкі. Бацькі ў роспачы звярталіся праз медыі з просьбаю дапамагчы знайсці Магду. У пошуках задзеялі сотні паліцэйскіх, справа атрымала рэзананс у медыях. Свае паслугі бясплатна прапанаваў дэтэктыў Кшыштаф Рудкоўскі, які меў неадназначную рэпутацыю.

Нечакана справа набывае іншае адценне. Катажына прызнаецца дэтэктыву, што гісторыя з выкраданнем – выдуманая, а 6-месячная Магда загінула ў выніку няшчаснага выпадку.

На наступны дзень паліцыя знаходзіць цела дзяўчынкі, заваленае зямлёю і смеццем непадалёк ад закінутага чыгуначнага дэпо. Аднак у выніку следчых дзеянняў і шэрагу судовых экспертызаў следчыя прыйшлі да высновы, што Катажына В. наўмысна забіла сваё дзіця. Паводле версіі следства, жанчына кінула дачку аб падлогу, але тая засталася жывая. Тады яна задушыла дзіця.

Катажыну В. арыштоўваюць, аднак катавіцкі суд неўзабаве змяняе захаду ўтрымання: яе выпускаюць на свабоду, падазраваная мусіць перыядычна адзначацца ў камісарыяце. Неўзабаве жанчына ўцякае. Паліцыя знаходзіць яе толькі праз некалькі месяцаў.

Усё было прадумана

Паводле следчых, Катажына В. забойства дзяўчынкі планавала загадзя. Пра гэта ўскосна сведчыць тое, што яна шукала ў інтэрнэце інфармацыю пра кошты трунаў і крэмацыі, а таксама пра памер дзяржаўнай дапамогі з прычыны смерці дзіцяці. У сваім асабістым нататніку яна напісала: “Успрымаю гэтае дзіця як ворага, пагрозу, кібарга, які мяне прыкончыць”.

Польскае грамадства было абуранае злачынствам, хлуснёю Катажыны В. і тым, як маці пазбавілася ад цела дачкі, закапаўшы цела ў смецці ля будынку закінутага чыгуначнага дэпо.

Цяжкі арэшак для польскага правасуддзя

У панядзелак прагучалі апошнія прамовы абвінавачання і абароны. Пракурор, патрабуючы для абвінавачанай пажыццёвага зняволення, абгрунтаваў гэта тым, што толькі такая кара абароніць грамадства ад такіх здэмаралізаваных і цынічных асобаў, пазбаўленых людскіх пачуццяў, як Катажына В.

Абвінавачаная без эмоцыяў выслухала выступ пракурора. Дарэчы, яна так і не прызнала сваёй віны, увесь час заяўляючы, што дзіцё само выслізнула з рук. Гэтую версію прыняў за лінію абароны ейны адвакат.

Сёння прагучаў прысуд

25 гадоў – столькі часу правядзе за кратамі асуджаная. Абгрунтоўваючы прысуд, старшыня судзейскага складу Адам Хмялеўскі падкрэсліў, што суддзі падтрымалі аргументы пракуратуры – што матывам забойства было жаданне пазбавіцца дзіцяці, якое, на меркаванне Катажыны В., руйнавала ейную будучыню.

Прысуд яшчэ не пачаў дзеяць. Асуджаная мае права абскардзіць яго ў Апеляцыйным судзе ў Катавіцэ.

Закончыўся адзін з самых гучных працэсаў у гісторыі сучаснага польскага правасуддзя.

Караліна Русіновіч/Д.Я. belsat.eu

Стужка навінаў