Расейскія медыі: Беларусь можа перакрыць экспарт нафты з Расеі ў Еўропу


Перагарадзіць дарогу расейскай нафце ў Еўропу пагразіў беларускі афіцыйны палітолаг Сяргей Мусіенка. Аднак менавіта яго называюць у кулуарах асабістым дарадцам Аляксандра Лукашэнкі.



Заява Мусіенкі стала адказам на паведамленне “Транснафты” пра тое, што ў верасні ў Беларусь прыйдзе на 400 000 тонаў нафты менш, чым планавалася. Расейскія эксперты лічаць пагрозы беларускага боку пустымі: у Масквы ёсць магчымасць абысціся і без “Дружбы”, інфармуе сайт “Московского комсомольца”.

Заяву ж аб скарачэнні экспарту “чорнага золата” ў Беларусь кіраўніцтва “Транснафты” зрабіла пасля таго, як у Беларусі быў арыштаваны кіраўнік “Уралкалію” Уладзіслаў Баўмгертнер. Віцэ-прэзідэнт “Транснафты” Міхаіл Баркоў аргументаваў скарачэнне экспарту тым, што нафтаправод “Дружба” патрабуе рамонту на адным з участкаў.

Уключыўшыся ў супрацьстаянне Беларусі ды Расеі, Сяргей Мусіенка адзначыў, што калі нафтаправод “Дружба” прыйшоў у непрыдатнасць, то трэба не скарачаць пастаўкі, а цалкам спыніць працу нафтаправоду. Гэта ж азначае, што спыніцца плынь расейскай нафты ў Еўропу.

Нам цяпер прыйдзецца старанна правяраць свой участак трубы. А значыць, у найбліжэйшы час мы будзем вымушаныя цалкам спыніць транзіт расейскай нафты на Захад для праверкі. Увесь транзіт можа стаць”, – падкрэсліў Мусіенка, паводле “Московского комсомольца”.

Расейскі эксперт Віктар Маркаў кажа, што праз Беларусь Расея экспартуе ў Еўропу больш за 50 млн тонаў нафты. Аналітык аднак кажа, што пагрозы перагарадзіць дарогу расейскай нафце з беларускага боку – пустыя.

Але калі ўсё ж яны гэта і зробяць, мы зможам накіроўваць нашую нафту ў Еўропу іншымі шляхамі. У нас ёсць іншыя нафтаправоды. Напрыклад, БТС або нафтавы тэрмінал у Фінскай затоцы”, – пракаментаваў сітуацыю “Московскому комсомольцу” Віктар Маркаў. Эксперт падкрэсліў, што ў гэтым выпадку Расея панясе пэўныя выдаткі, звязаныя з павелічэннем нагрузкі на іншыя расейскія нафтаправоды.

МЯ, belsat.eu, паводле mk.ru

Стужка навінаў