«Песняру» паставяць помнік каля месца расстрэлу царскай сям’і


У Екацярынбурзе ўрачыста заклалі камень на месцы, дзе будзе ўсталяваны помнік народнаму артысту СССР Уладзіміру Мулявіну, заснавальніку легендарнага ансамблю “Песняры”.

Уладзімір Мулявін – нарадзінец Екацярынбургу, які за ягоным часам называўся Свярдлоўск. Бацька музыкі працаваў на мясцовым заводзе “Уралмаш”.

Плануецца, што помнік будзе адкрыты ў 2014 годзе да Дня гораду Екацярынбургу, які адзначаецца ў трэцюю суботу жніўня.

Як адзначыў музыка ансамблю “Беларускія песняры” Аляксандр Кацікаў, цырымонія закладкі каменя прайшла ў межах фестывалю народаў Сярэдняга Уралу (у Свярдлоўскай вобласці пражываюць не менш за 50 000 беларусаў).

Які будзе помнік, пакуль не ясна, але галоўнае – ён будзе стаяць у цэнтры сталіцы Уралу, практычна насупраць храму, пабудаванага на месцы расстрэлу царскай сям’і”, – адзначыў Кацікаў.

У межах фестывалю народаў Сярэдняга Уралу таксама адбыўся святочны канцэрт, у другім аддзяленні якога выступіў ансамбль “Беларускія песняры”.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў