Новая вядоўца «Белсату» – Святлана Калінкіна



Новы сезон. Новыя твары на «Белсаце». Мужчынская каманда вядоўцаў праграмы «Размова дня» цяпер будзе збалансаваная жаночым інтэлектам. У новым сезоне на нашым тэлеканале арбітрам вострых дыскусіяў на палітычныя ды эканамічныя тэмы цяпер будзе і Святлана Калінкіна – шэф-рэдактар незалежнага выдання «Народная воля».

Прэм’ера праграмы «Размова дня» са Святланай Калінкінай – у пятніцу, 6 верасня а 19:40. Паглядзець яе вы зможаце падчас он-лайн-трансляцыі на сайце, а затым у архіве праграмаў.

{movie}Святлана Калінкіна на Белсаце! |right|12302{/movie}

Вядомая беларуская журналістка распавяла нам пра спецыфіку сваёй прафесіі, чаму яна вырашыла прыйсці на «Белсат», ды як зменіць праграму.

Мужчыны «стратэгі», жанчыны «тактыкі»

Я хачу прыўнесці ў праграму больш рэальнага жыцця. Больш актуальных, сённяшніх праблемаў, якія хвалююць людзей. Мужчыны – яны ж стратэгі. Але без тактыкі стратэгія нічога не вартая. У першую чаргу, буду арыентавацца на тэмы і праблемы, на якія людзі сёння шукаюць і не могуць знайсці адказаў ды тлумачэнняў. Але ад адкрыццяў і сенсацыйных тэмаў, якія яшчэ ўвогуле не загучалі і нікому не вядомыя, – я ні ў якім разе не адмоўлюся.

Рыхтуюся паразмаўляць з Лукашэнкам

Мне заўсёды цікава размаўляць з людзьмі, якія ведаюць больш за цябе. Я такіх гатовая слухаць гадзінамі, проста раскрыўшы рот (што зусім не падыходзіць да праграмы «Размова»). Але ёсць інтэрв’ю, да якога я даўно рыхтуюся. Я хачу зрабіць інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам пасля ягонай адстаўкі.

Журналістам я стала яшчэ ў школе

У журналістыку я прыйшла праз радыё (гэта было яшчэ ў школе, калі мяне запрасілі весці праграму для старшакласнікаў), потым было інфармацыйнае агенцтва, пазней – газеты і праца ў розных жанрах – ад журналісцкіх расследаванняў да аўтарскіх калонак, потым – інтэрнэт. Адным словам, тэлебачанне заставалася адзінаю неахопленаю сфераю журналістыкі. Я лічу, што тэлебачанне лепш, чым любое іншае СМІ, паказвае чалавека. У гэтым ягоныя плюсы для тых, хто па той бок экрана. І ягоныя мінусы – для тых, хто па гэты бок, у студыі. Раней я была гледачом і бачыла яго плюсы. Цяпер буду знаёміцца з мінусамі.

Няма часу расчароўвацца

19 гадоў «стабільнасці» не маглі не паўплываць на беларускую журналістыку, але мне падаецца, што ў нашай прафесіі немагчыма расчаравацца. Яна такая розная, яна дае столькі магчымасцяў для самарэалізацыі, што нават няма часу сысці на пенсію. Праўда, ёсць адно «але». Першапачаткова чалавек, выбіраючы журналістыку, не сябе павінен ставіць у цэнтр Сусвету, а людзей, падзеі, з’явы, якія навокал. І тады гэта становіцца нават не прафесіяй, а ладам жыцця.

Немагчыма стаміцца ад жыцця

Зразумела, што ўсе стаміліся ад палітвязняў, эканамічных войнаў і супрацьстаяння Беларусі з Захадам. Але ёсць яшчэ шэраг тэмаў, якія вартыя ўвагі. У Беларусі – адна рэчаіснасць, у заходніх краінах – іншая. Проста ў нездаровых краінах самыя гарачыя – палітычныя тэмы, у здаровых – культурніцкія, спартыўныя, сацыяльныя. Але насамрэч і ў нашай краіне сітуацыя мяняецца. І з’яўляюцца новыя цікавыя асобы, і з’яўляюцца праблемы, пра якія мы раней нават не думалі. Людзі ўжо не так зацыкліваюцца менавіта на палітыцы, разумеючы, што і свет, і праблемы шырэйшыя. Гэта і ёсць жыццё. Ад яго нельга стаміцца.

За «нажытае» не трымаюся

Увогуле па жыцці прытрымліваюся прынцыпу: лепш зрабіць і шкадаваць, чым не зрабіць і шкадаваць. Жыццё заўсёды адкрывае перад намі розныя калідоры, і ўжо справа кожнага, які мы сабе выбіраем. Мне цікава спрабаваць, шукаць, выкарыстоўваць шанцы». За «нажытае», так бы мовіць, не трымаюся, таму і вырашыла прыйсці на «Белсат».

ШВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары