Беларусь атрымае сваю палярную станцыю


Гаворка ідзе пра невыкарыстоўваную расейскую станцыю “Вечаровую”.

Як паведаміў спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расеі ў справе міжнароднай супрацы ў Арктыцы і Антарктыдзе, прэзідэнт Расейскай палярнай акадэміі Артур Чылінгараў, адпаведны дакумент падпішуць найбліжэйшым часам.

“Калі мы хочам да канца гэтага года адкрыць беларускую палярную станцыю, каб яна паўнавартасна працавала, неабходна падпісваць пагадненне – усё да гэтага гатова”, – падкрэсліў Чылінгараў.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы асяроддзя Беларусі Уладзімір Цалко таксама спадзяецца на хуткае падпісанне міжурадавага пагаднення. Паводле ягоных словаў, беларускі бок ужо выканаў усе забавязанні ды чакаецца толькі на подпіс Расеі.

Уладзімір Цалко спадзяецца, што Расея перадасць невыкарыстоўваную базу ля гары Вечаровай, на якую ў 2006 годзе выправілася першая група беларускіх спецыялістаў. Побач з ёй знаходзіцца сезонная расейская станцыя “Моладзевая”. Беларускі міністр спадзяецца, што яе не зачыняць, і гэта палегчыць працэс транспартавання абсталявання на беларускую станцыю. Паводле Цалко, ужо дасягнутая дамова аб дапамозе з боку Расеі ў рыхтаванні персаналу для працы ў Антарктыдзе і супольным удзеле ў палярных экспедыцыях.

У сваю чаргу Артур Чылінгараў нагадаў: нягледзячы на тое, што Беларусь далучылася да дамовы аб Антарктыдзе, каб стаць паўнавартасным яе ўдзельнікам, трэба “не проста падняць там сцяг, але мець сваю базу і праводзіць навуковыя назіранні”.

Дамова аб Антарктыдзе прадугледжвае поўную дэмілітарызацыю тэрыторыі Антарктыды і ператварэнне яе ў зону без ядравай зброі. Галоўная ж мэта – забяспечыць выкарыстанне Антарктыды ў інтарэсах усяго чалавецтва. Беларусь – кансультатыўны бок у дамове, бо на цяперашні момант не валодае сваёй базаю.

belsat.eu

Стужка навінаў