Акцыянер «Івацэвічдрэву» можа набыць за дывідэнды... курыцу


Прамысловы флагман Івацэвічаў (Берасцейшчына) урэшце выплаціў сваім акцыянерам дывідэнды. Адзін з акцыянераў распавёў «Белсату», што за гэтыя дывідэнды можна набыць хіба… курыцу.

Васіль Дзягцярык мае 35 акцыяў «Івацэвічдрэву». Ён кажа, што нядаўна атрымаў Br 76 тыс. дывідэндаў за 2011 год.

«Апошні раз плацілі, калі ў нас «Дажынкі» былі, – недзе ў 2005 годзе. А цяпер заплацілі за 2011 год. Атрымліваецца, што за тыя гады нічога і не плацілі ўвогуле. Мне нават смешна, што такое прадпрыемства, якое плоціць вялікія падаткі раёну, а сваіх людзей пакідае. Я патэлефанаваў сябрам, кажу, ідзіце атрымлівайце дывідэнды… Пытаюць колькі, я ім кажу, што на курыцу будзе дастаткова», – гаворыць спадар Васіль.

Суразмоўца кажа, што для атрымання гэтых Br 76 тыс. яму давялося ісці ў банк і адкрываць адмысловы рахунак. Ён распавёў таксама, што ў пачатку 2000-ых гадоў з дывідэндаў можна было больш чаго купіць – нейкага адзення нават. Цяпер жа Васіль Дзягцярык здзіўляецца, што прадпрыемства мадэрнізавалі, а грошай акцыянерам плоцяць меней.

Васіль Дзягцярык падлічыў, што адна ягоная акцыя прынесла Br 2 тыс. 100 дывідэндаў. А, да прыкладу, у першым квартале 2012 года Ляхавіцкі малочны завод плаціў больш за Br 15 тыс. за акцыю, Пухавіцкі камбінат хлебапрадуктаў – больш за Br 19 тыс. за акцыю. Пры гэтым «Івацэвічдрэў» лічыцца найбольш паспяховым прадпрыемствам у раёне.

«Відаць, за нашыя дывідэнды і зрабілі тую мадэрнізацыю», – жартуе мужчына. Як раней паведамляў «Белсат», нягледзячы на гэткія прыклады, афіцыйныя асобы заяўляюць, што выплаты дывідэндаў у дзяржаўны бюджэт растуць. А старшыня Дзяржкаммаёмасці Георгій Кузняцоў сцвярджаў, што ў 2012 годзе толькі 7 % акцыянерных прадпрыемстваў не выплочвалі дывідэнды зусім.

Эканаміст Леанд Заіка кажа, што склалася такая сітуацыя, калі дывідэнды дзяржаве плоцяцца нашмат спраўней, чым простым акцыянерам. І, паводле ягоных падлікаў, да 98 % прадпрыемстваў не плоцяць акцыянерам дывідэндаў увогуле.

Выплочваць не будуць дывідэндаў да тых часоў, пакуль гэтыя прадпрыемствы не будуць рэальна прыватызаваныя,” – заявіў Леанід Заіка.

Найбольшую суму дывідэндаў у Беларусі выплочвае «Беларуськалій» – да 45 % усіх дывідэндаў. Адзіны акцыянер гэтага прадпрыемства – дзяржава. Эксперты выказваюць меркаванне, што канфлікт з «Уралкаліем» і скарачэнне вытворчасці «Беларуськалію» можа адбіцца і на выплатах дывідэндаў.

Простым жа беларусам эканамісты не раяць укладацца ў набыццё акцыяў прадпрыемстваў, бо пакуль застаецца сумнеўным атрыманне з гэтага значнага прыбытку.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў