Беларуская «жалезная дывізія» ў абароне Польшчы. Прэзідэнт падзякаваў рэканструктарам


Самалёты бамбуюць, набліжаюцца танкі. Зямля засыпае польскія мундзіры беларускіх жаўнераў.«Беларуская» 20-ая дывізія пяхоты трымаецца да апошняга, абараняючы Млаву перад прыходам нямецкіх войскаў. А навокал – 70 тысяч гледачоў. У выходныя ў польскім горадзе Млава адбылася самая грандыёзная рэканструкцыя пачатку Другой сусветнай вайны.

У 1939 годзе нават ворагі 20-ую дэвізію, дзе служылі беларусы, цанілі за нязломнасць, называючы іх «жалезнай дывізіяй». А таму на рэканструкцыі тых падзеяў не магло бракаваць і беларусаў – групы гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім».

Ігар Мельнікаў – гісторык, адзін з ініцыятараў удзелу беларусаў у рэканструкцыях, распавёў «Белсату», што, стварыўшы групу рэканструктараў і беручы ўдзел у гэткіх бітвах, хоча падкрэсліць: вайна для беларусаў пачалася не ў 41-ым годзе, а ў 39-ым, і ўдзел нашых суайчыннікаў быў сапраўды значны ды істотны.

У 1939 годзе 20-ая дэвізія Польскага Войска размяшчалася ў Баранавічах, Слоніме і Наваградку, якія тады былі ў Польскай Рэспубліцы. Сярод жаўнераў значная частка была беларусамі.

У аднаўленні бітвы, якая доўжылася амаль гадзіну, удзельнічалі 5 нашых байцоў. А агулам апранулі на сябе форму 70-гадовай даўніны каля 300 асобаў.

За бітваю сачыў і Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі. Ён нават паразмаўляў з беларускімі аматарамі гісторыі. Прэзідэнт Польшчы падзякаваў ім за ўдзел ды распавёў пра сваіх сваякоў з Баранавічаў.

«Беларусы ў Войску Польскім» – адзіная група, якая займаецца аднаўленне Войска Польскага ў Беларусі. У калекцыі Ігара Мельнікава цяпер – каля 20 мундзіраў. Апроч рэканструкцыі, гісторык займаецца яшчэ і кінадакументалістыкаю на вайсковую тэматыку з выкарыстаннем ягоных касцюмаў.

Унікальную вайсковую форму з калекцыі беларускіх рэканструктараў, дарэчы, выкарысталі ў дзвюх поўнаметражных стужках: «Сталінград» Фёдара Бандарчука і «Бітва пад Варшаваю» Ежы Гофмана.

Бітва пад Млаваю – не першая вайсковая прыгода беларусаў ў Польшчы. Летась беларускія аматары ваеннай гісторыі ўзялі ўдзел у рэканструкцыі бітвы пад Тулавіцамі, што адбылася ў 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны. А зусім нядаўна яны былі задзейнічаныя ў парадзе з нагоды святкавання польскай перамогі над бальшавікамі ў савецка-польскай вайне 1920 года. Падчас параду некалькі беларусаў прайшліся ў форме жаўнераў БНР па вуліцах польскай сталіцы.

Відэарэпартаж з рэканструкцыі бітвы пад Млавай можна будзе пабачыць у праграме «ПраСвет» у пятніцу, 6 верасня, а 20:30 падчас он-лайн трансляцыі на сайце.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў