«Ляпіс Трубяцкой» патлумачыў, чаму падтрымае Навальнага


«Сістэму ўлады, якая існуе ў Расеі, Украіне, Беларусі ды Казахстане, што абапіраецца на хлусню, карупцыю, крадзёж і гвалт, трэба зламаць», – пішуць музыкі на сваім афіцыйным сайце.

6 верасня беларускія музыкі выступяць на мітынгу-канцэрце дзеля падтрымання расейскага апазіцыянера Аляксея Навальнага, што змагаецца за пасаду мэра Масквы. «Ляпісы» вырашылі, што выступіць бясплатна.

«Мы падзяляем далёка не ўсе погляды Навальнага. Штосьці нам падаецца спрэчным, штосьці – увогуле няправільным. Але мы мяркуем, што Навальны робіць вельмі шмат дзеля развіцця грамадскай супольнасці, адзіны з апазіцыйных палітыкаў, што паспяхова супрацьстаіць прагнілай дзяржаўнай уладзе», – паведамляюць музыкі ў адмысловай заяве. Пры гэтым яны падкрэсліваюць, што не маюць намеру станавіцца сябрамі палітычных партыяў ці даверанымі асобамі палітыкаў.

На выбарах мэра Масквы ў якасці кандыдатаў бяруць удзел шэсць палітыкаў. Мяркуецца, што асноўная барацьба разгарнецца паміж Аляксеем Навальным ды пракрамлёўскім сябрам «Адзінай Расеі» Сяргеем Сабяніным.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў