Інтэрпол пацвярджае, што Керымаў - у міжнародным вышуку


Асноўнага акцыянера расейскай кампаніі «Уралкалий» цяпер шукае і Інтэрпол. Пра гэта паведамляе беларускі МУС. 2 верасня Следчы камітэт завёў справу супраць расейскага алігарха, на наступны дзень Інтэрпол пацвердзіў, што Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.

У дачыненні Керымава распачалі справу на падставе п. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (арганізацыя злоўжывання ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі). Максімальная пакаранне паводле артыкулу прадугледжвае пазбаўленне волі на 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Паводле беларускіх праваахоўнікаў, падчас расследавання крымінальнай справы ў распараджэнне следства поруч з выяўленымі фактамі стратаў Беларусі апынуліся шматлікія матэрыялы пра ўчыненне Сулейманам Керымавым, Уладзіславам Баўмгертнерам ды іншымі абвінавачванымі дзеянняў, якія нанеслі значныя страты РФ і ўтрымліваюць у сабе прыкметы злачынстваў, прадугледжаных крымінальным заканадаўствам Расеі.

Адвакат алігарха паведаміў расейскім медыям, што ў сувязі з пераследам, Керымаў бліжэйшым часам не будзе выязджаць за межы Расеі. Праўнік пры гэтым падкрэсліў, што Інтэрпол уключае ў міжнародны вышук асобаў без правярання праўдзівасці абвінавачванняў, а выключна паводле афіцыйнага запыту ад краіны-сябры паліцэйскай арганізацыі.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў