Аляксандра Францкевіча вызвалілі з калоніі (фота)


Асуджаны ў «справе анархістаў» Аляксандр Францкевіч, прызнаны беларускімі праваабаронцамі палітвязнем, выйшаў на свабоду 3 верасня а 6-й гадзіне раніцы. Ён адбываў пакаранне ў калоніі № 22 у Івацэвічах.

Пасля вызвалення за Аляксандрам Францкевічам установяць прэвентыўны нагляд на паўгода. Гэтак пастанавіў суд на паседжанні ў калоніі 30 жніўня. Аднак пакуль невядома, які нагляд прыменяць у дачыненні Францкевіча – стандартны або з дадатковымі ўмовамі. Гэта высветліцца пасля ягонага выхаду на волю.

Аляксандра Францкевіча арыштавалі 3 верасня 2010 года. 27 траўня 2011-га суд Заводскага раёну Менску прызнаў пецярых удзельнікаў анархісцкага руху, у тым ліку Францкевіча, вінаватымі ў зацятым хуліганстве і наўмысным знішчэнні маёмасці. Аляксандра акрамя гэтага прызналі вінаватым яшчэ і ў несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі, камп’ютарным сабатажы і распрацоўванні, выкарыстанні або распаўсюджанні шкодных праграмаў.

Анархісты абвінавачваліся ва ўчыненні шэрагу нападаў на будынкі і падпалаў, у прыватнасці ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Міністэрства абароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнаю сумессю тэрыторыі пасольства Расеі ў Менску і будынку Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама інкрымінаваўся шэраг нападаў на іншыя будынкі: закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры Ла» і будынку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спробы падпалу аддзяленняў «Беларусбанку» і банку «Масква–Менск», аддзялення міліцыі ў Салігорску.

Суд вынес вердыкты аб пазбаўленні волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму: Ігару Аліневічу – 8 гадоў, Мікалаю Дзядку – 4,5 гады, Аляксандру Францкевічу – 3 гады.

МЛ, паводле БелаПАН
Фота БелаПАН

Стужка навінаў