Як беларусы ставяцца да таго, што сын Лукашэнкі - прагульшчык?


Першы навучальны дзень года за школьнымі партамі правялі 915 000 школьнікаў. Частка ж дзяцей засталася дома – навучацца паводле індывідуальнага плану. Не падобны да іншых – чарговы навучальны год распачаў і сын кіраўніка Беларусі – Коля. Чым асаблівае ягонае навучанне, і ці быў Мікалай сёння ў школе?

«Я – грамадзянін Беларусі» – назва першага, агульнага для ўсіх беларускіх дзетак школьнага ўроку. Пра патрыятычную ды выхаваўчую місію школы кіраўнік Беларусі разважаў на Дзень ведаў.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“Поспех выхавання можа быць дасягнуты толькі сумеснымі намаганнямі школы і сям’і. Бацькі мусяць уплываць на дзяцей асабістым прыкладам. З малых гадоў прывучаць іх працаваць”.

Абы перадаванне асабістага прыкладу навучанню не замінала.

Летась вучань другога класу Астрашыцка-Гарадоцкае школы Мікалай Лукашэнка прагуляў прынамсі некалькі навучальных тыдняў. Наведваў разам з бацькам міжнародныя сустрэчы.

{movie}Коля не ў школе?|right|12301{/movie}

У халодным для беларусаў сакавіку Аляксандр і Мікалай тры дні правялі ў сонечнай Інданезіі, яшчэ два – у Сінгапуры. Перад гэтым ляталі ў Каракас – развітвацца з памерлым ад раку дыктатарам Уга Чавэсам. У Сочы – таксама разам – каталіся на лыжах падчас кароткатэрміновага адпачынку. У графіку Колі Лукашэнкі замест урокаў гісторыі ці мовы было суправаджэнне бацькі ў Казахстане, Катары, Арменіі…

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ВЫКЛАДЧЫК, ПАЛІТОЛАГ:

“Вывядзенне Колі ў публічную сферу дазволіла ў нечым змякчыць публічны вобраз Аляксандра Лукашэнкі. У нечым гэта нават дазволіла яму атрымаць дадатковыя балы ў мужчынаў сярэдняга і старэйшага пакалення”.

На пытанні журналістаў пра Коліныя падарожжы Аляксандр Лукашэнка адказвае: хлопец сам просіцца ўзяць яго з сабою – на прадпрыемства ці ў гаспадарку. Са школаю ж звязаныя іншыя перажыванні.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

“У школе абмежаванні вялікія, што тут казаць. І калі яго заганяюць у нейкія межы ад дзяцей (гэтак зрэдку здараецца, і я гэта вельмі негатыўна ўспрымаю, але здараецца – з-за пэўных захадаў бяспекі) – гэта для яго перажыванне страшнае”.

Але да таго, што Мікалай – прагульшчык, насельніцтва ставіцца збольшага негатыўна ці іранічна.

МІНАКІ, МЕНСК:

“Трэба з першых класаў не прагульваць школу, бо потым увогуле хадзіць не будзе”.

“Гэты хлопчык асаблівы. Ён можа рабіць усё, што ён хоча”.

“Ён усё роўна знойдзе працу. Нам з праўдзівых крыніцаў вядома! Мяркую – пытанне ўжо вырашанае”.

“Коля, ты ізноў не ў школе, і хто ў гэтым вінаваты…”, – музыкі складаюць песні, узгадваючы Мікалаю залаты пісталет, вайсковыя парады ды шырокабюджэтныя забавы ў часе ваяжаў.

А з ваколіцаў навучальнай установы да старонкі “Хартыя’97” цячэ ананімная інфармацыя – у школу Коля не ходзіць увогуле, а навучаецца дома.

З МАТЭРЫЯЛУ НА СТV:

“Аляксандр Лукашэнка з малодшым сынам прысутнічаў на святочнай лінейцы ў Астрашыцка-Гарадоцкай школе”.

На пытанне, ці з’явіўся галоўны вучань краіны на першы занятак – дырэктарка школы адказала…

КАЦЯРЫНА МАХАХЕЙ, ДЫРЭКТАРКА КОЛЕВАЙ ШКОЛЫ:

“Грамадзяне мусяць ведаць у агульных тэрмінах, што адбываецца з сям’ёй кіраўніка дзяржавы”.

Акурат бацька, як мы ведаем, атачыў навучанне сына таямніцаю, а школу – ахоўнікамі…

А органы сацыяльнай абароны і апякунства маюць адсочваюць факты пазбаўлення дзяцей Канстытуцыйнага права на адукацыю ды рэагаваць – ад папярэджання да пазбаўлення бацькоўскіх правоў.

Юлія Цяльпук, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў