Кардынала, які арганізаваў візіт Лукашэнкі да Папы Рымскага, адправілі ў адстаўку


Папа Рымскі Францішак адправіў у адстаўку кіраўніка ватыканскай дыпламатыі Тарчызьё Бэртонэ (Tarcisio Bertone).

У Беларусі дзяржсакратар святога пасаду Тарчызьё Бэртонэ вядомы як чалавек, які спрыяў візіту Аляксандра Лукашэнкі з сынам Колем у Ватыкан у красавіку 2009 года. Коля тады падараваў Пантыфіку буквар, які, хутчэй за ўсё, трапіў у адмысловы музей для падарункаў (доступ туды абмежаваны).

У чэрвені 2008 года кардынал правёў 5 дзён у Беларусі, дзе дамогся дазволу на будаўніцтва новых касцёлаў, рэзідэнцыі апостальскай нунцыятуры і біскупскай курыі. Лукашэнка запрасіў тады Папу Рымскага Бэнэдыкта XVI наведаць нашую краіну. Бэртонэ, у сваю чаргу, выказаў удзячнасць уладам за «забеспячэнне свабоды рэлігіі».

У снежні 2010 года Лукашэнка сустрэўся з Бэртонэ ў Астане. Тады ж з’явіліся паведамленні пра рыхтаванне канкардату паміж Ватыканам і Беларуссю. Паводле афіцыйнай інфармацыі, дакумент усё яшчэ на стадыі распрацоўвання.

Як адзначае расейскі «Коммерсантъ», адстаўка Бэртонэ азначае важны этап рэформаў Каталіцкага касцёлу, якіх чакаюць ад новага пантыфіка. Кардыналу прыпісваюцца шматлікія інтрыгі ды злоўжыванні ўладай. Ягонае імя звязваюць таксама з выцекам сакрэтных дакументаў («Vatileaks»).

Да 15 кастрычніка кардынал будзе выконваць свае абавязкі, пасля чаго яго зменіць апостальскі нунцый у Венесуэле П’етра Паралін (Pietro Parolin), паведамляе радыё «Ватыкан».

АК, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў