Уласны замак як падарунак да навучальнага года


У Беларусі расце попыт на кардонныя замкі. Макеты помніку, якія можна склеіць самому, набываюць для дзяцей і ў якасці сувеніраў.

Першая папяровая мадэль з’явілася два гады таму. Гарадзенскі інжынер Ігар Адасік зрабіў для свайго дзіцяці копію гарадзенскага Старога замку часоў вялікага князя Вітаўта. Ягоны сябар, гісторык Дзмітрый Кіенка, прапанаваў рабіць такія цацкі для іншых дзяцей.

З таго часу ўзніклі макеты яшчэ трох замкаў: Геранёнскага, Лідскага і Мірскага. Найбольшаю папулярнасцю карыстаецца апошні. Складанкі друкуюць у высокай паліграфічнай якасці. Набыць іх можна ў аўтараў ідэі або ў мастацкіх галерэях побач з замкамі ў Горадні, Лідзе і Міры. Мусяць яны з’явіцца і ў саміх замках. Кошт – ад Br 35 тыс. да 45 тыс. У камплект уваходзіць магніцік з выяваю замку.

Ігар і Дзмітрый спадзяваліся, што пры Гарадзенскім універсітэце імя Янкі Купалы будуць праводзіцца заняткі па гісторыі для дзяцей. А каб зрабіць іх цікавымі ды запамінальнымі, арганізатары разам з падапечнымі будуць склейваць мадэлі замкаў. Але ідэя водгуку не знайшла. Толькі некаторыя школьныя настаўнікі з ўласнай ініцыятывы зрэалізавалі яе на ўроках працы.

Цяпер Ігар Адасік стварае мадэль Маламажэйкаўскай царквы абарончага тыпу (вёска Скрыбаўцы Шчучынскага раёну). Магчыма, паўстануць таксама складанкі Сынкавіцкай і Каложскай цэркваў. Праект задумваўся як папулярызацыя архітэктурнае спадчыны гарадзенскае зямлі, але, магчыма, аўтары возьмуцца і за Нясвіжскі замак. Дарэчы, не ўсе помнікі дойлідства паддаюцца перастварэнню ў кардоне. У выпадку з Навагрудскім замкам, напрыклад, перашкаджае складаны рэльеф: гару з паперы не выражаш.

Перш як заняцца складанкамі для дзяцей Ігар Адасік вырабіў некалькі прафесійных мадэляў архітэктурных помнікаў з захаваннем усіх прапорцыяў, якія цяпер можна пабачыць у Гарадзенскім універсітэце. Сярод іх – Стары замак у Горадні, гарадзішча і дот, які месціцца побач з Аўгустоўскім каналам. Цяпер майстар мае замову на дом Максіма Багдановіча.

Тыя, хто цікавіцца складанкамі, могуць звяртацца па тэлефоне +375 29 352 07 52 або на e-mail: almer@tut.by.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў