Горадня: жывыя скульптуры на вуліцы Савецкай


Гарадзенцы хочуць раскруціць імя Льва Бакста да папулярнасці Шагала. Першы крок зрабілі: у апошні дзень лета цэнтральная вуліца Горадні, Савецкая, ператварылася ў тэатр.

Леў Бакст. Аўтапартрэт (фрагмент). 1893 годЛеў Бакст. Аўтапартрэт (фрагмент). 1893 годНа фестывалі вулічнага мастацтва пад адкрытым небам «Grand teatro» сабраліся фокуснікі, жывыя скульптуры, ілюзіяністы, акторы арыгінальных жанраў. Фестываль прысвечаны сусветна вядомаму гарадзенцу, тэатральнаму мастаку Льву Баксту.

На бруку гарадзенскай пешаходнай вуліцы, што на адзін дзень ператварылася ў тэатральную пляцоўку, разгарнулася выстава рэпрадукцыяў Льва Бакста, якая суправаджалася тэатралізаваным экскурсам у жыццё і творчасць мастака. Адначасова ў розных кутках вуліцы гарадзенцаў і гасцей гораду забаўлялі джамперы, жанглёры, танцоры, мімы. Выступы артыстаў былі інтэрактыўнымі – кожны ахвотны мог навучыцца жангляваць ці выконваць старажытныя танцы.

Атмасферу вольнага тэатру і эпатажу стваралі як акторы-аматары, так і прафесійныя тэатральныя калектывы з Горадні, Менску, а таксама з Літвы і Расеі.

Фестываль прывабіў шмат гледачоў, колькасць павялічылася ўвечары, калі распачалося яскравае светлавое шоу з лазернымі спецэфектамі ды містыфікацыямі. Кульмінацыяй свята вольнага тэатру стаў выступ пластычнага тэатру «ІнЖэст» з Менску, які пад начным небам Горадні паказаў захапляльную праграму з фаер-шоу «Залаты век».

Эскіз касцюма для балету Эскіз касцюма для балету “Жар-птушка” Ігара Стравінскага. Фота wikipedia.orgАрганізатары: Льву Баксту гэты фестываль спадабаўся б

Ідэя правядзення фестывалю належыць студэнтам Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы – удзельнікам праекту «Жывая гісторыя». «Мы імкнемся, каб тыя імёны нашых землякоў, якія ведае ўвесь свет, але чамусьці не ведаем мы, гучалі як мага часцей. Мы зарганізоўваем мерапрыемствы, прысвечаныя знакамітым гарадзенцам, беларусам і робім гэта так, як, нам падаецца, і ім самім спадабалася б», – распавёў Раман Талалуеў, адзін з ініцыятараў і кіраўнікоў «Жывой гісторыі».

Гарадзенская зямля – інтэлектуальны і культурны донар для свету

Пра значнасць асобы Льва Бакста для Горадні распавёў Барыс Квяткоўскі, старшыня рады гарадзенскай габрэйскай рэлігійнай суполкі: «Для Горадні Леў Бакст – фігура знакавая. Хоць ён і працаваў у Францыі і там стаў знакамітым, але ён нарадзіўся тут, у Горадні. Ён сын нашай зямлі, і таму мы можам заcлужана ім ганарыцца. Мне асабіста вельмі хочацца зрабіць імя Льва Бакста такім жа брэндавым, якім сёння для віцяблянаў ёсць Марк Шагал».

Эскіз касцюма кітайскага танцора для Эскіз касцюма кітайскага танцора для “Арыенталіяў” Аляксандра Глазунова. Фота wikipedia.orgПаводле спадара Квяткоўскага, дырэктар музею гісторыі габрэяў Горадні плануе адкрыць у горадзе галерэю Бакста. «Відаць, тут аўра нейкая асаблівая, што тут нараджаецца так шмат таленавітых людзей. Гарадзенская зямля – як своеасаблівы інтэлектуальны і культурны донар для свету», – дадаў старшыня габрэйскай суполкі.

Леў Бакст – габрэйскі мастак, нарадзіўся ў Горадні ў 1866 годзе. Вядомы як выдатны тэатральны графік. Вучыўся, працаваў і атрымаў сусветную вядомасць у Парыжы і Санкт-Пецярбурзе. У 1908–1910 гадах вучнем Бакста быў Марк Шагал. Пайшоў з жыцця Бакст у 1927 годзе ў Парыжы.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары