Міністэрства юстыцыі дазволіла літоўскім адвакатам абараняць вязняў Плошчы


З адпаведным запытам звярнуўся Міжнародны дабрачынны фонд “Абаронца”.

Кіраўнік фонду Святлана Дваранінава гаворыць, што звярнуцца ў Міністэрства юстыцыі Беларусі іх прымусілі скаргі, атрыманыя ад сваякоў арыштаваных. Паводле апошніх, адвакаты адмаўляюцца абараняць суайчыннікаў, якія праходзяць у справе аб масавых закалотах 19 снежня.

Прадстаўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла кажа, што гэта добрае выйсце з сітуацыі. Хоць ён і сумняецца, што прадстаўнікі беларускай Феміды будуць рады бачыць у сваіх кабінетах абаронцаў з Еўразвязу, тым больш з нагоды палітычна матываваных справаў. “Да таго ж, у беларускага афіцыйнага боку будзе менш магчымасцяў аказваць ціск на адваката, як гэта робіцца цяпер”, – мяркуе праваабаронца.

У заканадаўствах Беларусі ды Літвы ёсць разыходжанні, а таму літоўцам гатовыя дапамагчы беларускія праваабаронцы, хоць у суседняй краіне нямала адвакатаў, якія пачыналі сваю кар’еру яшчэ ў савецкія часы – а беларускае заканадаўства, як цвердзіць спадар Паганяйла, з тае пары змянілася мала.

belsat.eu

Стужка навінаў