Наста і Зміцер Дашкевічы абвянчаліся (Фотарэпартаж + відэа)


Лідары «Маладога фронту» пабраліся царкоўным шлюбам без сведкаў.
Наста і Зміцер – пратэстанты. Вянчанне прайшло ў адной з менскіх цэркваў. За некалькі дзён да вянчання Наста распавяла «Белсату», што цырымонія пройдзе без сведкаў, бо фармальнасці яны выканалі падчас шлюбу ў гарадзенскай турме. Калі маладыя распісваліся, сведкамі былі працаўнікі калоніі. Зміцер тады яшчэ пажартаваў: «Праз год будзем святкаваць – мы ж цяпер як адна сям’я!» Усе рассмяяліся. Наста сказала, што хоча пакінуць гэты факт для гісторыі.
{movie}Вяселле Дашкевічаў: клятва і абмен пярсцёнкамі|right|12278{/movie}
Наста і Зміцер зарэгістравалі свой сямейны звяз за кратамі 26 снежня 2012 года. Спачатку дату прызначылі на тыдзень раней, што выглядала як здзек, бо 19 снежня – адна з самых трагічных датаў у жыцці гэтых людзей. Таму, калі дату рэгістрацыі ўсё ж перанеслі, Наста акрэсліла гэта як «цуд на Каляды». Дарэчы, Зміцер лістом папрасіў рукí нявесты у ейнага бацькі.
Шлюб даў права на першае цягам двух гадоў спатканне, якое доўжылася дзве гадзіны. Сама цырымонія заняла тады 10 хвілінаў. Наста прыехала ў Горадню і адразу пайшла ў ЗАГС, дзе ёй першай паставілі ў пашпарт штамп. Тады яна пажартавала, што цяпер Дашкевіч нікуды не падзенецца. Пасля яны з працаўніцаю ЗАГСу накіраваліся ў турму.
Доўгі час лідарам «Маладога фронту» перашкаджалі пабрацца шлюбам. Спачатку спасылаліся на тое, што знік Змітроў пашпарт, які Наста пасля выпадкова ўбачыла ў кабінеце следчага КДБ. Пазней знаходзіліся іншыя прычыны, сярод якіх – пераводы ў іншыя калоніі.
Аліна Кашкевіч, belsat.eu
Стужка навінаў