У пошуках праўды


Матэрыял пра “беларускіх рабоў” на нашым тэлеканале гледачы пабачылі 27-га жніўня. Журналістаў папрасілі прыехаць да сябе працаўніцы адной з гаспадарак у Раўбічах. Кіруе ж ёю прадпрымальнік Юрый Турко разам з аграномам, нарадзінцам Азербайжану Эмітам. Як звычайна, найперш мы пачалі размову з працаўнікамі.

{movie}У пошуках праўды|right|12275{/movie}

НАДЗЕЯ АНЦІПАВА, ПРАЦАЎНІЦА:
“Эмітава – гэта пятрушка, кіндза і кроп. Вось яго не было два месяцы, ён з’язджаў у Баку. Дык мы працавалі, а ён нам даваў па 50 000, і ўсё. Вось за два месяцы мы атрымалі недзе 400 000 рублёў”.

Надзея адзіная, хто паспеў распавесці нам што-небудзь на камеру. Кіраўнікі плантацыі забаранілі жанчынам размаўляць з журналістамі. Аднак работніцы паскардзіліся не толькі на аплату, а што жывуць без святла, вады і часам годнай ежы. Больш за тое, у дачыненні іх ужываецца фізічная сіла – гэтак званыя “настаўленні Эміта”.

НАДЗЕЯ АНЦІПАВА, ПРАЦАЎНІЦА:
“Віка спала на раскладушцы. Ён паваліў яе паміж ложкам і раскладушкаю ды пачаў яе нагамі… Крутануў яе за палец, і ў яе апух палец. Яна пайшла на поле і кажа пасля: “Я больш не магу”.

Алею ў агонь падліў і сусед фермераў Станіслаў, які назваўся былым сілавіком.

СТАНІСЛАЎ, СУСЕД:
“Даюць ім пакурыць траўкі, марыхуаны. Яны нарказалежныя. Ім кажуць: “Мы знялі вас на стужку, што вы разам з намі паліце траўку”.

Пасля нашага матэрыялу ў фермерскай гаспадарцы міліцыя пачала правяранне. Як паведамілі кантралёры, жанчыны адмовіліся ад сваіх словаў і пацвердзілі тое, пра што некалькі дзён таму казалі нам гаспадары.

ЭМІТ, КІРАЎНІК ГАСПАДАРКІ:
“За адзін кілаграм мы даём ім дзве тысячы. Чалавек можа за дзень сабраць сто, сто восемдзесят кілаграмаў. Штодзённа кожны мае недзе па 150 тыс. Мы іх кормім, цыгарэты купляем”.

Нягледзячы на тое, што ў матэрыяле мелі магчымасць агучыць сваю версію падзеяў два бакі канфлікту, уладальнік гаспадаркі палічыў сюжэт паклёпам, а ўпраўленне ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму, да якога мы адразу ж звярнуліся па каментар у справе, у выніку назвала наш тэлеканал… дэструктыўным рэсурсам, цытаваныя ж намі выказванні – хлуснёю. Абвесцілі таксама, што шукаюць цытаванага намі суседа.

Таму мы пастанавілі працягнуць тэму. А ў першую чаргу, высветліць пытанне, якое гэтак усхвалявала ўсіх – наконт умоваў працы ў гаспадарцы.

АЛЯКСАНДР ЖУК, ЮРЫСТ:
“Акрамя працоўнай дамовы і абавязковага падатку памерам 12 %, які наймальнік плаціць за працаўніка, прадугледжваюцца і дадатковыя выплаты ў выглядзе ўнёскаў у фонд сацыяльнай абароны і плацяжоў у “Белдзяржстрах” дзеля страхавання працаўнікоў ад нешчаслівых выпадкаў”.

Ці ёсць такія дамовы ў працаўніц Юрыя Турка? Мы зноў звярнуліся ў міліцыю, якая кантралявала гаспадарку.

АЛЯКСАНДР ДАНІЛЬЧЭНКА, АДДЗЕЛ ІНФАРМАЦЫІ МЕНСКАГА РАУС
“У мяне няма жадання рабіць з вамі матэрыя. Ніякага жадання супрацоўнічаць з вамі ў мяне няма. Звяртайцеся афіцыйна”.

Пакуль мы звярнуліся да гаспадара, але ехаць у гаспадарку ўжо не рызыкнулі, ягоны ж тэлефон не адказваў увесь дзень. “Аб’ектыў” будзе сачыць за развіццём падзеяў.

Ян Бабіцкі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў