Мінкультуры: дакажыце, што сцяг – каштоўнасць (дакумент)


Каб бел-чырвона-белы сцяг быў прызнаны гістарычна-культурнаю каштоўнасцю, трэба падаць у Міністэрства культуры адпаведнае абгрунтаванне. Такі адказ на свой зварот атрымалі ініцыятары грамадскай кампаніі.

Пасля таго, як абгрунтаванне будзе складзенае і дасланае ў Міністэрства культуры, яго накіруюць на разгляд Навукова-метадычнай рады. Рада мусіць разгледзець яго за 30 дзён пасля атрымання – паведамляе сайт грамадскага агенцтва «Арт-сядзіба».

Збор подпісаў за наданне нацыянальнаму сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці зладзілі ініцыятывы «БМАgroup», «Арт-сядзіба» і «Рок-салідарнасць». 8 жніўня зварот, пад якім падпісаліся каля тысячы асобаў, перадалі ў Міністэрства культуры.

Цяпер арганізатары кампаніі звяртаюцца да беларускіх гісторыкаў і навукоўцаў з просьбаю: далучыцца да напісання дакументальнага абгрунтавання прапановы. І дапамагчы зрабіць, як напісана ў адказе Міністэрства культуры, «поўную, дакладную і якасную фіксацыі аб’екту, якому прапаноўваецца надаць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, графічнымі сродкамі».

Выніковае рашэнне на аснове вынікаў працы Навукова-метадычнай рады, згодна з законам «Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», будзе прымаць Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў