У Менск едуць фінскія рокеры


Дэбютны канцэрт гурта «The Rasmus» у Беларусі адбудзецца 23 верасня ў менскім Палацы спорту. Фінскія рокеры прэзентуюць новы аднайменны альбом, а таксама выканаюць ужо вядомыя слухачам хіты.

Тур, у межах якога «The Rasmus» наведаюць Беларусь, стартаваў дзеля падтрымання новага альбому, які выйшаў у красавіку. Назва кружэлкі паўтарае назву гурта з той прычыны, што музыкі зрабілі яе абсалютна самастойна, да драбнюткіх дэталяў у аранжыроўцы.

Музычныя гісторыя «The Rasmus» пачалася яшчэ ў 1994 годзе, калі трое хлопцаў захацелі заснаваць рок-гурт і выпрабаваць сябе на школьнай сцэне з каверамі на культавыя каманды «Metallica» і «Nirvana». За гэты час фіны заваявалі сусветную вядомасць, іхныя песні не сыходзяць з вяршыняў музычных чартаў. Творчасць гурта адзначаная шматлікім узнагародамі ды прэміямі, сярод якіх «MTV Europe Music Awards», «Swedish Hit Music Awards», «EMMs» ды іншыя.

Ва ўсім свеце прадалі больш за 3,5 млн асобнікаў кружэлак гурта, але, тым не менш, ён не стаіць на месцы. Новае канцэртнае шоу, з якім «The Rasmus» прыбудуць у Менск, стане ўдалым спалучэннем новага матэрыялу і вядомых трэкаў, якія прынеслі групе папулярнасць па ўсім свеце.

Больш інфармацыі праз тэлефон: 8 (044) 5 947 947

belsat.eu

Стужка навінаў