Канец інтэграцыі Беларусі ды Расеі?


Расея афіцыйна кажа, што можа перагледзець некаторыя моманты супрацы з Беларуссю праз затрыманне Уладзіслава Баўмгертнера.



Сітуацыя з затрыманым дырэктарам «Уралкалию» выглядае па меншай меры неадэкватна і не мае характару партнёрскіх адносінаў, заявіў віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч.

«У Расеі і Беларусі шырокі спектр адносінаў, у межах якіх ёсць вялікая колькасць праблемаў, але мы заўсёды імкнуліся да выпрацоўвання кампрамісных рашэнняў. З улікам агульнага характару цяперашняй сітуацыі мы вымушаныя больш уважліва і сур’ёзна разгледзіць шэраг пытанняў», – заявіў Дварковіч праз «РИА Новости».

Ён адзначыў, што ўрад Расеі ўважліва сочыць за становішчам гендырэктара «Уралкалію» Уладзіслава Баўмгертнера ды лічыць сітуацыю, што склалася, недапушчальнаю. «Хачу яшчэ раз адзначыць, што Баўмгертнер прыбыў на перамовы ў Менск на запрашэнне прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча», – гаворыцца ў каментары Дварковіча.

Чыноўнік заявіў, што Расея не выключае прыцягнення да адказнасці шэрагу асобаў, якія маюць дачыненне да экспарту з Беларусі нафтапрадуктаў пад выглядам разбаўляльнікаў у трэція краіны ў 2011–2012 гадах.

«Ужыванне гэтай схемы экспарту нанесла ўрон бюджэту Расейскай Федэрацыі, які вымяраецца мільярдамі долараў ЗША. Не выключаю, што ў выпадку пацверджання фактаў праваахоўныя органы паставяць пытанне аб прыцягненні асобаў да адказнасці незалежна ад іхнага грамадзянства», – прыводзіць каментар Дварковіча «РИА Новости».

Аркадзь Дварковіч таксама папярэдзіў улады Беларусі аб зніжэнні экспарту нафты ў чацвёртым квартале гэтага года. Расейскі ўрад даў таксама ўказанні ведамствам «больш інтэнсіўна займацца» пытаннямі рызыкі ўвозу ў Расею харчоў з Беларусі. «У нас ёсць прэтэнзіі да якасці і бяспекі шэрагу прадукцыі», – заявіў Дварковіч.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў