Упершыню за 100 гадоў у Віцебску ўнеслі Тору ў сінагогу (фота)


Святое Пісанне вернікаў-іўдзеяў больш за паўгода паводле ўсіх канонаў перапісваў у Ізраілі адмыслова наняты перапісчык.

Майстар нанёс на скрутак больш за 300 тыс. літар. Ягоная праца патрабавала незвычайнай пільнасці ды ўвагі – калі б перапісчык памыліўся, мусіў бы распачаць сваю працу з самага пачатку. Віцебскія іўдзеі зазначаюць, што іхная суполка мае цяпер найлепшы ў якасці скрутак Торы з усіх існых у Беларусі.

Паводле талмудысцкіх традыцыяў перад унясеннем скрутка ў сінагогу чальцы абшчыны дапісалі апошнія літары тэксту Торы – гэткім чынам яны сімвалічна ўзялі ўдзел у стварэнні скрутка. Затым яго змясцілі ў футарал і ўрачыста аднеслі ў сінагогу, дзе будуць захоўваць у адмысловым каўчэгу.

На ўрачыстасці ўнясення Торы ў Віцебску прысутнічалі равіны з Беларусі ды замежжа. Цяпер у Віцебску жыве каля 3 тыс. габрэяў. У пачатку 90-ых гадоў яны падтрымалі беларускае адраджэнне, выдаючы беларускамоўны дадатак «Шалом» да сваёй газеты «Выбар».

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары