ЗША і Вялікая Брытанія «пакараюць» Асада?


Бліжэйшымі днямі амерыканскія і брытанскія вайскоўцы могуць нанесці ўдар па цэлях у Сірыі. Мяркуецца, што мэтаю атакі будзе не зрынанне рэжыму Башара аль-Асада, але «пакаранне» за выкарыстоўванне хімічнай зброі, – перадаюць амерыканскія медыі.

«USA Today», спасылаючыся на крыніцы ў Пентагоне, паведамляе, што ваенная аперацыя мае выглядаць як масіраваны абстрэл ваенных цэляў ракетамі з мора, можа быць задзеяная таксама авіяцыя. Мяркуецца, што ўся аперацыя зойме лічаныя гадзіны. У рэгіён ужо сцягнутыя амерыканскія эсмінцы, што маюць на ўзбраенні крылатыя ракеты.

Пры гэтым у спіс мішэняў не трапяць склады з хімічнаю зброяй, бо іх знішчэнне пагражае заражэннем тэрыторыі ды ахвярамі сярод цывільнага насельніцтва.

21 жніўня стала вядома пра выкарыстанне хімічнай зброі – нервова-паралітычнага газу зарыну. Паводле выведкі ЗША, гэта была атака ўрадавых сілаў Сірыі. Са звестак паўстанцаў, у выніку атакі загінулі сотні асобаў. Цяпер у Сірыі працуе адмысловая група экспертаў ад ААН, што мае пацвердзіць або зняпраўдзіць інфармацыю аб газавай атацы.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў