Беларускія рабы? Працуюць на палях за ежу і марыхуану, як сцвярджае сусед


Зусім непадалёк Менску месцяцца плантацыі гародніны, на якіх зусім без прыладаў, толькі рукамі, полюць гародніну беларускія «рабыні».

Ля паселішча Раўбічы месціцца хутар, які належыць фермеру Юрыю Турко. Гаспадаркай аднак кіруе азербайджанец Эміт, якога працоўныя клічуць таксама Раджаб. Пад ягоным наглядам на фермерскіх палях амаль задарма да без належных прыладаў шчыруюць кабеты-бядотніцы.

{movie}Жанчына распавядае, што працуе на фермерскім полі без прыладаў |right|12222{/movie}

Працоўная Надзея Анціпава працуе пад наглядам Эміта ўжо трэці месяц. За месяц яна зарабляе Br 200 тыс. Яна і яе таварышкі скардзяцца, што часта галадаюць ды жывуць у брудзе.

Сусед Станіслаў, які не называе свайго прозвішча, але называецца былым сілавіком, дадае, што быў сведкам, як па вечарах ад жанчынаў патрабавалі сексуальных уцехаў.

Жанчыны ў міліцыю не звяртаюцца, бо іх шантажуюць, дадаў Станіслаў: «Даюць ім пакурыць траўкі, марыхуаны. Яны нарказалежныя. Ім кажуць: «Мы знялі вас на стужку, што вы разам з намі паліце траўку».

Паводле Станіслава, былых зэкаў, алкаголікаў і нарказалежных ахвотна наймаюць азербайджанцы і дагестанцы, якія потым размяркоўваюць танных працаўнікоў па фермерскіх гаспадарках Менскага і Лагойскага раёнаў.

{movie}Гаспадар і наглядальнік палёў, дзе працуюць жанчыны, дзеляцца досведам |right|12221{/movie}

Шукаюць танную рабочую сілу звычайна на Ждановіцкім рынку. «Просіць ды расказвае, што будзе ўсё добра, есці і спаць, і выпіць дам. Але гэта толькі, каб заманіць. Як нас вёз, то абяцаў яек і ўсяго, а прывёз – то на поле павёў адразу. Прапалолі ўчастак, прыйшлі, а ён даў нам у папяровай шклянцы тлушчу з салам і троху наліў гарэлкі», – распавяла Надзея Анціпава.

У Менскім РАУСе «Белсату» заявілі, што ўпершыню чуюць пра факт рабства ў Беларусі. «Калі б нам стала вядома інфармацыя пра тое, што чалавека ўтрымліваюць супраць ягонай волі, то гэта была б паўвайсковая аперацыя. Гэта быў бы ўзровень Міністэрства ўнутраных справаў з удзелам «Алмазу», з удзелам напэўна, УБОПу», – скаментаваў Аляксандр Данільчанка з Аддзелу інфармацыі Менскага РАУСу.

Былы сілавік Станіслаў мяркуе, што мясцовая міліцыя залежная ад уладальнікаў, атрымліваючы ад іх падарункі: «Таму тут каму мяшок бульбы, каму кабана…». За гэта міліцыянты і «крыюць» гаспадароў надзелаў.

Кіраўнік гаспадаркі Эміт даводзіць, што з усяго заробленага 20 % аддае працаўнікам ды забяспечвае іх ежаю і цыгарэтамі. У сярэднім, паводле яго, рабочыя зарабляюць ад 150–200 тыс. за дзень.

На пытанне ж, «як яны абыходзяцца са сваімі працаўніцамі», гаспадары адказваюць згодна: «Усё нармальна. Калі кепска працуюць, то ёсць «настаўленні».

Не ўсе гэта вытрымліваюць, кажуць працаўніцы. Адная з іх, Вікторыя, пасля «настаўлення» кіраўніка гаспадаркі ўцякла ў Менск. «Ён яе тут паваліў паміж канапаю і раскладушкаю, Віка ж на раскладушцы спала. Заціснуў яе там і давай збіваць нагамі. За палец крутануў, дык у яе і палец зусім распух. Яна на поле пайшла, але потым сказала мне: «Усё, не магу больш». Кінула тут рэчы свае ўсе і збегла ў Менск», – распавяла працоўная Надзея Анціпава.

Паводле ўладальніка гаспадаркі Юрыя Турко, недахопу ў працоўных няма: «Пінскія людзі прыязджаюць на ўборку да нас. Пінскія валам едуць». У дачыненні з працоўнымі ніякіх праблемаў ён не заўважае: «Хто хоча працаваць, той будзе працаваць, а хто хоча прапіць, той прап’е ўсё на заўтра».

Відэаматэрыял «Аб’ектыву» пра беларускіх «рабоў» можна паглядзець тут.

Уладзіслава Солтан, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў