У Магілёве скончылі шаленства, на якое прыгналі 2 пад’ёмнікі


Cкончыўся стрыт-арт-праект «Must act-Must art». Ператвараць магілёўскія «хрушчоўкі» ў творы вулічнага мастацтва прыехалі 7 мастакоў з розных куткоў Беларусі. Цэлы тыдзень яны акультурвалі ды размалёўвалі двор на вуліцы Ціміразеўскай, а 27 жніўня паказалі плён свайго шаленства. На ўсё пра ўсё сышло 50 літраў акрылавай фарбы, 310 балонаў спрэю і 2 пад’ёмнікі.

{movie}Агляд падзеяў культуры (27.08.2013) |right|12211{/movie}

ЮРЫЙ СТУКАЛАЎ, КАМПАНІЯ «БУДЗЬМА БЕЛАРУСАМІ»:

“Першапачаткова стаўленне было не вельмі добрае, бо людзі не разумелі, што будзе адбывацца, але шмат хто прыходзіў да нас і казаў, што іх двор вельмі змяніўся.

Сапраўды, вынік працы немагчыма не заўважыць – агульнымі высілкамі стварылі 10 графіці-карцінаў на розныя тэмы і ў розных тэхніках. Размаляваныя цалкам фасады дамоў, гаспадарчыя забудовы, графіці на будынках электрашчытавой, дзвярах пад’ездаў, гаражоў, і нават малюнак у 3D тэхніцы на асфальце.

КІРЫЛ КУЛІКОЎ, МАСТАК:

“Маляваць было вельмі цяжка, быў дождж, хлопцам на сценах лепш”.

Гэта ўжо не першы маштабны графіці-праект у Магілёве за апошні год. У ліпені ў межах праекту «Палатно гісторыі ў стылі графіці» мастакі размалявалі бетонны плот. А ўжо цяпер гарадскія ўлады задумваюцца пра тое, якім чынам і надалей супрацоўнічаць з мастакамі. У планах – новае графіці ў новым раёне.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў