Старшыня рады дырэктараў «Уралкалия»: Неадкладна вызваліце Баумгертнера


«Неадкладнага вызвалення Уладзіслава Баумгертнера і спынення пераследу яго калегаў» патрабуе ад уладаў Беларусі старшыня рады дырэктараў «Уралкалия», былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расеі Аляксандр Валошын.



«Эканамічныя спрэчкі і розныя супярэчнасці, якія часта бываюць у бізнесе, не мусяць развязвацца такімі спосабамі, – гаворыцца ў заяве Валошына. – Я добра ведаю Уладзіслава Баумгертнера як сумленнага і глыбока прыстойнага чалавека, законапаслухмянага грамадзяніна, прафесіянала сусветнага ўзроўню».

Валошын адзначыў, што яго здзіўляюць заявы прадстаўнікоў следчых органаў Беларусі пра парушэнні заканадаўства з боку менеджэраў Беларускай калійнай кампаніі. «Гэтыя абвінавачванні супярэчаць здароваму сэнсу і не паддаюцца ніякай крытыцы», – заявіў Валошын.

Ён падкрэсліў, што назіральная рада Беларускай калійнай кампаніі, якую ўзначальвае Баумгертнер, – толькі наглядны орган, які збіраецца некалькі разоў на год. Старшыня назіральнай рады «не мае абсалютна ніякіх службовых паўнамоцтваў, якімі ён мог бы злоўжыць». Рэальны кіраўнік кампаніі – генеральны дырэктар, «які заўсёды намінаваўся беларускім бокам», падкрэсліў Валошын.

Паводле прадстаўніка «Уралкалия», кіраўніцтва Беларусі яшчэ нядаўна было задаволенае вынікамі дзейнасці Беларускай калійнай кампаніі. Сведчаннем гэтага сталася прызначэнне былога гендырэктара Беларускай калійнай кампаніі Валерыя Іванова на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта краіны. «У сувязі з гэтым абвінавачванні ў службовых злачынствах на адрас Баумгертнера выглядаюць проста недарэчна», – заявіў Валошын.

Старшыню назіральнай рады Беларускай калійнай кампаніі – гендырэктара «Уралкалия» Уладзіслава Баумгертнера арыштавалі ўчора. Яшчэ чацвёра менеджараў найвышэйшага звяна БКК абвесцілі ў вышук, у тым ліку па лініі інтэрполу. Паводле Следчага камітэту, падставаю для крымінальных справаў сталіся матэрыялы аб здзяйсненні гэтымі асобамі відавочных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, што нанесла вялікую шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам Беларусі, а таксама нанесла страты ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ БКК.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў