Любоў Кавалёва: Я ведала, што буду грукаць у зачыненыя дзверы


https://youtu.be/zcozwjNskX4
Без права развітацца. Гарадскі суд Менску стаў другою інстанцыяй, якая адмовілася разглядаць скаргу маці ды сястры Уладзіслава Кавалёва. Сваякі пакаранага смерцю за саўдзел у тэракце ў менскім метро скардзіліся на дзеянні дзяржаўных органаў, якія адмаўляюцца паведамляць пра месца пахавання Уладзіслава.

ЛЮБОЎ КАВАЛЁВА, МАЦІ УЛАДЗІСЛАВА КАВАЛЁВА:
«Маральна я была да гэтага падрыхтаваная, я ведала, што буду грукаць у зачыненыя дзверы. І гэта сёння лішні раз пацвердзілася. Але я здавацца не збіраюся і не буду, пакуль са мно. працуюць вось такія людзі. Цяпер назад дарогі няма».

Пры ўсіх складанасцях знайсці абаронцу ў Беларусі, дапамагчы Любові Кавалёвай змагацца за свае правы пагадзіўся адвакат з Расеі. Тое ж, што яны маюць рацыю, пацвярджае міжнароднае права.
{movie}Без права развітацца (26.08.2013) |right|12201{/movie}
СЯРГЕЙ ГАЛУБОК, АДВАКАТ, САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ:
«Пра тое, што месца пахавання мусяць паведаміць сям’і, выказаўся Камітэт правоў чалавека ў сваім рашэнні, якое прыняў летась. А тут не толькі не выконваюць рашэння, але суды нават не хочуць разглядаць скаргі на гэта».

Абвінавачанага разам з Дзмітрыем Канавалавым Уладзіслава Кавалёва расстралялі летась у сакавіку. Прысуд выканалі, нягледзячы на тое, што яго меліся адкласці да часу разгляду скаргі сваякоў Камітэтам правоў чалавека ААН. У выніку Камітэт сцвердзіў, што беларуская дзяржава парушыла права на жыццё грамадзяніна, што суд не быў незалежны, супраць абвінавачаных выкарыстоўваўся прымус, што было парушанае права на перагляд справы ў вышэйшай інстанцыі. Усё гэта парушае Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісантам якога ёсць і Беларусь.

РАМАН КІСЛЯК, ПРАВААБАРОНЦА:
«Міжнародны пакт аб грамадзянска-палітычных правах – гэта такая дамова, якая не падлягае дэнансацыі, ад яго не могуць адмовіцца. Гэта правы, дадзеныя нам, людзям, і адпаведна, дзяржава не можа адмовіцца, не можа пазбавіць нас нашых правоў».

Што парушэнне Беларуссю пакту не застанецца не заўважанае міжнароднаю супольнасцю, упэўнены адвакат Любові Кавалёвай.

СЯРГЕЙ ГАЛУБОК, АДВАКАТ, САНКТ-ПЕЦЯРБУРГ:
«У іншых дзяржаваў ёсць магчымасць звярнуцца з міждзяржаўнаю скаргаю супраць Беларусі ў Камітэт правоў чалавека, сцвярджаючы, што асобным парушэннем пакту ёсць невыкананне рашэння Камітэту ў справах ахвяраў парушэнняў правоў чалавека. Проста так гэтай сітуацыі пакідаць нельга».

Дагэтуль улады Беларусі не вельмі пераймаліся патрабаваннямі Камітэту правоў чалавека ААН ды папросту іх не выконвалі.

Вольга Кляўчэня, «Аб’ектыў», belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары