Пікетчык змог выразіць пратэст цягам 15 хвілінаў (Відэа)


У Менску каля расейскай амбасады затрымалі ўдзельніка адзіночнага пікету супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх ваенных базаў – магілёўскага актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Гладышава.

Прыкладна чвэрць гадзіны пікетчык прастаяў каля амбасады з плакатам «Не – замежным ваенным базам! Расейскія вайскоўцы, прэч!».

«Беларусі ніхто не пагражае, таму я не хачу, каб з нашай краіны ішла пагроза суседнім дзяржавам», – заявіў журналістам спадар Гладышаў.

{movie}Пікетчык змог выразіць пратэст цягам 15 хвілінаў|right|12189{/movie}

Амаль адразу да пікетчыка падышлі два працаўніка міліцыі. Яны пацікавіліся, чаму журналісты робяць фота і здымаюць на камеру каля амбасады. Нягледзячы на ўвагу міліцыі, Гладышаву ўдалося прастаяць з плакатам каля 15 хвілінаў.

Пазней міліцыянты змусілі яго згарнуць расцяжку і павялі з сабою. У некалькіх журналістаў, якія здымалі тое, што адбывалася, працаўнікі міліцыі перапісалі звесткі, але нікога не затрымалі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў