Апошняе інтэрв’ю Баўмгертнера: у Беларусь мы не вернемся


Генеральны дырэктар «Уралкалію», якога арыштавалі беларускія праваахоўнікі, у інтэрв’ю расейскаму выданню «Ведомости» вінаваціў «Беларуськалій» ды ўлады Беларусі ў стварэнні ўнутранай канкурэнцыі.

Пасля таго, як расейская кампанія адмовілася супрацоўнічаць з «Беларуськаліем» у межах «Беларускай калійнай кампаніі», Уладзіслаў Баўмгертнер распавёў пра прычыны разрыву. Паводле яго, віна ў фактычным развале БКК цалкам ляжыць на беларускім баку.

«Не было ніякага сакрэту ў тым, што ў нас былі пэўныя праблемы з беларускімі партнёрамі. Відавочным гэта стала на калійным рынку ў снежні мінулага года, калі выйшаў указ Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што «Беларуськалій» можа прадаваць прадукцыю не толькі праз БКК, але і праз незалежных трэйдара, – заявіў Баўмгертнер. – Фактычна, гэтак стваралася ўнутраная канкурэнцыя. Да пары да часу гэта выглядала як ціск беларускага боку на расейскага партнёра з мэтаю атрымання прэферэнцыяў у нашых унутраных дыскусіях, якія заўсёды былі, але нязменна насілі працоўны характар».

Паводле кіраўніка «Уралкалію», перамовы ішлі да апошняга моманту на ўсіх узроўнях. «Мы даносілі сваю думку пра тое, што БКК – унікальны праект, які лідараваў на рынку і дазволіў зарабіць вялікія грошы і для «Беларуськалію», і для «Уралкалію». Але, відаць, наша аргументацыя ўспрымалася ці як блеф, ці як пустыя словы. Увесь гэты час мы прасілі другі бок адмяніць гэты ўказ, каб даць ясны сігнал рынку аб тым, што мы па-ранейшаму разам і выступаем адзіным фронтам. На жаль, гэтага не адбылося», – падкрэсліў Баўмгертнер.

Тое, што «Беларуськалій» пачаў прадаваць сваю прадукцыю ў абыход БКК, падарвала пазіцыі «Уралкалію». Баўмгертнер заявіў, што кансалідацыя з «Беларуськаліем», як гэта было раней, цяпер немагчымая. «У Беларусь мы не вернемся», – падкрэсліў гендырэктар «Уралкалію», маючы на ўвазе супрацу ў межах «Беларускай калійнай кампаніі».

Арыгінал інтэрв’ю апублікаваны на афіцыйнай старонцы «Уралкалію».

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў