Зачыстка ў «Беларускай калійнай кампаніі»


Арыштавалі старшыню назіральнага савету «Беларускай калійнай кампаніі» – гендырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера. Яшчэ чацвёра менеджараў найвышэйшага звяна БКК абвесцілі ў вышук, у тым ліку па лініі інтэрпалу.

Следчы камітэт Беларусі вядзе справы, распачатыя Генеральнаю пракуратураю паводле ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладаю і службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні службовых асобаў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія»: старшыні назіральнага савету Уладзіслава Баўмгертнера, чальца назіральнага савету Алега Пятрова, першага намесніка генеральнага дырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка генеральнага дырэктара ў фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтавага аддзелу Дзмітрыя Самойлава ды іншых. Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі ды сувязі з грамадскасцю СК Павел Травулька.

Паводле яго, падставаю для крымінальных справаў сталіся матэрыялы аб здзяйсненні гэтымі асобамі відавочных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія пацягнулі нанясенне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».

Следчы камітэт вынес пастановы аб прызнанні названых асобаў абвінавачанымі. Старшыню назіральнага савету ЗАТ «БКК» Уладзіслава Баумгертнера арыштавалі. Пятрова, Саладоўнікава, Яўстрацьева, Самойлава абвесцілі ў вышук, у тым ліку па лініі інтэрпалу.

У ходзе расследавання крымінальных справаў Следчы камітэт усталёўвае і дакументуе іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці вышэйзгаданых ды іншых службовых асобаў ЗАТ «БКК».

МЛ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары