Менгарсуд не стаў разглядаць скаргу сваякоў Кавалёва


Маці ды сястра расстралянага Уладзіслава Кавалёва падавалі скаргу на дзеянні дзяржаўных органаў, якія адмаўляюцца раскрыць месца ягонага пахавання. Суддзя Аксана Будоўская пагадзілася з высновамі суда Кастрычніцкага раёну Менску аб тым, што разгляд гэтага звароту не падведамасны агульным судам Беларусі.

Любоў Кавалёва паведаміла журналістам, што іншага рашэння суда яна і не чакала. “Адмоўны вынік – таксама вынік. Будзем звяртацца ў вышэйшыя інстанцыі. Сярод іншага, плануем абскардзіць рашэнне суда спачатку ў наглядным парадку, а затым – у Вярхоўным Судзе”, – сказала маці пакаранага.

Скаргу ў Менгарсуд Любоў Кавалёва і ейная дачка Таццяна Казяр накіравалі 6 жніўня. Жанчыны інфармуюць, што суд Кастрычніцкага раёну Менску, куды яны звярталіся раней, неправамоцна адмовіў ім у распачынанні грамадзянскай справы паводле скаргі на дзеянні КДБ, МУС і Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС, якія адмаўляюцца раскрыць месца пахавання Уладзіслава Кавалёва. Свае дзеянні гэтыя дзяржаўныя органы матывуюць ч. 5 арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу, згодна з якою “цела для пахавання не выдаецца, пра месца пахавання не паведамляецца”.

Маці ды сястра расстралянага аргументуюць сваю пазіцыю рашэннем Камітэту правоў чалавека ААН, які пры разглядзе справы Кавалёва вызначыў, што ўтойванне месца пахавання пакаранага – парушэнне арт. 7 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які забараняе катаванні ды жорсткае бесчалавечнае абыходжанне.

Каментуючы сітуацыю, праваабаронца Раман Кісляк, які аказвае прававую дапамогу сваячкам Кавалёва, падкрэсліў: “У гэтым выпадку мае месца адмова ў правасуддзі. Суд Кастрычніцкага раёну Менску ў сваёй пастанове аб адмове распачаць справу пазначыў, што справа не падведамасная суду, бо гэтыя пытанні вырашаюцца ў іншым, несудовым парадку. Але насамрэч ніякага іншага парадку або працэдуры для вырашэння гэтых пытанняў папросту не існуе”.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў