Бюджэт-2013 планаваўся як бездэфіцытны. Чыноўнікі прагназавалі эканамічны рост (ажно на 8–9 %), павелічэнне паступленняў у дзяржаўную скарбніцу і рост золатавалютных рэзерваў. Аказалася, што дзяржаўныя эксперты моцна памыліліся – паводле намесніка міністра фінансаў Максіма Ермаловіча, напрыканцы 2013 года ў бюджэце будзе дзіра на Br 9 трыльёнаў, або 7 % дэфіцыту.
Тое, што папярэднія разлікі апынуліся надта аптымістычныя, стала зразумела пасля таго, як падвялі эканамічныя вынікі першага паўгоддзя. Мяркуецца, што поўную эканамічную выкладку за шэсць месяцаў 2013 года Аляксандр Лукашэнка атрымаў напрыканцы ліпеня. Бо менавіта з першых дзён жніўня кіраўнік дзяржавы пачаў паслядоўна казаць пра жорсткую эканомію.
Галоўнакамандуючы таксама казаў пра лішкі ўзбраення, якія “ў прынцыпе не патрэбныя”. “Тых, хто жадае набыць гэтую зброю, сёння дастаткова, – заявіў ён. – Калі мы недзе можам прадаць яе, то гэта трэба зрабіць”.
Паводле яго, цяпер навукоўцы маюць актыўней шукаць пазабюджэтных крыніцаў фінансавання, бо дзяржава больш не будзе “выкідаць з бюджэту грошай, не атрымоўваючы аддачы”.
Лукашэнка нават назваў канкрэтны дзень, калі навуку могуць чакаць скарачэнні фінансавання: “Плаціць шалёныя грошы мы з 1 студзеня нікому не будзем, у тым ліку і навукоўцам. Навукоўцам нават у першую чаргу, бо навукоўцы – разумныя людзі, мусяць зарабіць і сабе, і дзяржаве”.
Магчыма, спыніцца і будаўніцтва новых спартовых арэнаў, бо, паводле кіраўніка дзяржавы, жыхары ўсіх рэгіёнаў маюць магчымасць займацца практычна любым відам спорту.
Зэканомяць нават на галоўным стадыёне краіны. Раней планавалася цалкам знесці менскі стадыён “Дынама” і збудаваць на яго месцы вялікі спартовы комплекс. Але кіраўнік дзяржавы заявіў, што, “як аказалася”, за грошы, прызначаныя на знос, можна аднавіць і адрэстаўраваць той, што ёсць.
У крызісныя часы, карупцыянеры маюць… прыносіць прыбытак дзяржаве! “Той, хто здзейсніў злачынства (эканамічнае. – belsat.eu), абавязаны кампенсаваць шкоду ў поўным аб’ёме і панесці заслужанае пакаранне. Гэтае пытанне мусіць быць пад вашым кантролем. Трохразовая, пяціразовая выплата за выяўленыя скрадзеныя ў дзяржавы і грамадства грошы”, – заявіў кіраўнік дзяржавы падчас сустрэчы з генпракурорам і старшынём Следчага камітэту.
“Кіраўнік – у турму, фірма – ліквідуецца, і больш такі прыватнік не будзе займацца прадпрымальніцтвам. Я папярэджваю трэці раз. Гэта ж складнік сабекошту. Калі вы за больш высокі кошт купляеце сыравіну, а гэта галоўны складнік у сабекошце (70 %), натуральна, вы не зможаце канкураваць на рынках”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле кіраўніка дзяржавы, такое пасярэдніцтва “трэба прыкрыць”. Займацца гэтым мусяць кантрольныя органы. “Мне выяўленне факту і доказы не патрэбныя. Патрэбная кампенсацыя стратаў прадпрыемства”, – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Зміцер Ягораў, belsat.eu